Skip to main content

Разважанні ў IV Тыдзень Вялікага посту

IV Нядзеля Вялікага посту

Час Вялікага посту - асаблівы час, калі Бог заклікае кожнага да навяртання і зменаў у сваім жыцці. Другое чытанне і Евангелле IV Тыдня Вялікага посту кажуць нам пра прымірэнне з Богам, яны дапамагаюць нам інакш зірнуць на сакрамант пакаяння - мы не проста атрымліваем прабачэнне грахоў, мы сустракаемся з любячым Айцом.

У Евангеллі мы чытаем, што калі малодшы сын рашыўся вярнуцца, "А калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся. І, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і пацалаваў яго". Так Бог Айцец чакае кожнага з нас у сакраманце пакаяння - там адбываецца сустрэча кожнага чалавека з любячым Айцом, Які прымае грэшніка, які да Яго вяртаецца і абдымае сваёй Божай ласкай і любоўю. Трэба памятаць, што Бог заўсёды чакае сустрэчы з намі, чакае, як бацька ў прыпавесці свайго заблукалага сына, і як піша св. Павел у Другім пасланні да Карынцянаў, кожны раз пасля споведзі Бог наноў творыць, "мы новае стварэнне", Бог зноў і зноў даруе нам.

Як цудоўна, што ў кожнага з нас ёсць любячы Айцец, Які нягледзячы ні на якія нашыя ўчынкі, любіць нас бязмежна і чакае, каб заключыць у свае абдымкі.

с. Антонія Шэйгеровіч