IV Нядзеля Вялікага Посту. Кс. Андрэй Кеўлюк
Евангелле з IV Нядзелі Вялікага Посту паказвае нам вялікую любоў Бога да чалавека і Яго павагу да кожнага нашага вольнага выбару, хоць не заўсёды гэты выбар прыносіць нам духоўнае узрастанне і карысць.
Як жа часта, як малодшы сын з прыпавесці, хочам ісці шляхам уласнага свавольства, не лічачыся не з кім і не з чым. Кожны з нас мае усё: любоў, павагу, вялікі давер Нябеснага Айца – усё што Яго – нашае, але мы шукаем чагосьці іншага, своеасаблівага “адрэналіну” ад жыцця, жывучы без Бога і без Яго апекі.
Евангеліст Лука распавядае нам аб тым, што малодшы сын, так як і старэйшы меў усё неабходнае для годнага жыцця, аднак гэтага яму стала замала, ён захацеў жыць незалежна. Айцец, ушаноўваючы яго выбар, аддае яму належную частку спадчыны, якой сын можа распараджацца як сам захоча. Нешта падобнае адбываецца і ў нашым духоўным жыцці: мы прымаем Святы Хрост, які далучае нас да супольнасці Святога Касцёла, бацькі ў дзяцінстве вучаць нас праслаўляць Бога праз малітву, пазнаём сваю веру на занятках рэлігіі. Аднак усё гэта адбываецца ў дзяцінстве, а крызісы і выпрабаванні прыходзяць у юнацкія гады, тады вера чалавека слабее, а пад націскам рэкламных лозунгаў сучаснага свету – слабее давер да Бога. Як жа шмат людзей хаваецца пад дэвізам “я веру ў Бога ў душы”, але не хачу быць паслухмяным сынам. Я хачу жыць сам: без частай споведзі, без нядзельнай Святой Імшы, без частай Святой Камуніі, без сакраманту сужанства – без Касцёла, як супольнасці Езуса Хрыста. І пакуль чалавек разменьваецца ў сваім жыцці на дробныя і прамінаючыя радасці, Бог чакае, перажывае і чакае, як бацька свайго любімага сына, каб вярнуць свайму дзіцяці сапраўдную годнасць.
Няхай жа час Вялікага Посту будзе для кожнага з нас дарогай, якая давядзе нас да Міласэрнага Айца. Давайце, як калісьці ў дзяцінстве, даверымся Яму і тады тое, што на працягу нашага жыцця мы разгубілі, Ён дадасць і памножыць у шмат разоў. Кожнага з нас Бог вельмі моцна любіць!!!
кс. Андрэй Кеўлюк