6 лютага ва ўспамін св. Паўла Мікі і паплечнікаў, мучанікаў, у касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе адбыўся дзень засяроджання для святароў з Лідскага рэгіёну.
Распачалося ўсё з малітвы да Святога Духа. Падчас аскетычнай канферэнцыі а. д-р Андрэй Шчупал CSsR прыгадаў аб тым, як святар павінен жыць у еднасці з Хрыстом. Ён павінен памятаць аб тым, што кожны дзень належыць перажываць, усведамляючы, што ён нясе Хрыста кожнаму, з кім сустракаецца.
Калі распачалася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманта, святары мелі магчымасць лепш засяродзіцца над сваім жыццём, робячы рахунак сумлення перад сакрамантам паяднання. Святую Імшу узначаліў пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа біскупскі вікарый Лідскага рэгіёна ксёндз др Уладзімір Гуляй. Падчас гаміліі ксёндз Уладзімір падкрэсліў тое, што святар павінен быць слугой веры, але не яе панам. Праз кожнага святара дзейнічае Божая Ласка, якая памнажае ў людзях веру.
Напрыканцы св. Імшы прысутнічаў ардынарый дыяцэзіі ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч, які вяртаўся з сустрэчы Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Ксёндз біскуп заахвоціў усіх да глыбейшага перажывання Года веры.
Усё скончылася супольным пасілкам.
Кс. Уладзіслаў Сурвіла