Skip to main content

У Гродзенскім абласным клінічным кардыялагічным цэнтры асвяцілі капліцу (дададзена фота)

11 студзеня а 13 гадзіне ў Гродне ў абласным кардыялагічным шпіталі па вул. Болдзіна адбылося ўрачыстае асвячэнне экуменічнай капліцы кс. біскупам Аляксандрам Кашкевічам.

На ўрачыстым асвячэнні прысутнічалі таксама кс. Раман Катлімоўскі, кс. Алег Кудэрка і а. Юзэф Макарчык OFMConv, сёстры назарэтанкі на чале са сваёй правінцыяльнай с. Нэрэушай Падзялінскай CSFN, студэнты Гродзенскай Вышэйшай Духоўнай Семінарыі, праваслаўны святар, хворыя і шматлікія працаўнікі службы аховы здароўя на чале з галоўным урачом, спадарыняй Тамарай Далгашэй, якая на самым пачатку прывітала ўсіх прысутных падкрэсліваючы, што ў хворых з'явілася выдатная магчымасць чэрпаць сілы і знаходзіць духоўную дапамогу ў гэтым святым месцы.

Пасля прывітання адбылося асвячэнне алтара і табэрнакулюм кс. біскупам Аляксандрам, пасля чаго капліцу асвяціў праваслаўны святар, а. Аляксандр.

Найсвяцейшую Ахвяру Гродзенскі ардынарый цэлебраваў у інтэнцыі медычнага персаналу і ўсіх хворых, якія знаходзяцца ў гэты месцы. Падчас казання a. Юзэф Макарчык OFMConv, прыгадваючы Год веры сказаў аб Езусе Хрысце, які з'яўляецца Галоўным Лекарам душы і цела. Менавіта чалавек на падставе моцнай веры ў Найважнейшага Лекара можа атрымаць аздараўленне.

Напрыканцы св. Імшы кс. біскуп шчыра падзякаваў усім тым, хто якімсці чынам прычыніўся да паўстання  капліцы, асабліва яго кіраўніцтву і пажадаў каб ў гэтым месцы заўсёды панавала прыемная атмасфера лячэння хворых.

Кс. Раман Катлімоўскі, які апякуецца хворымі ў кардыялагічным цэнтры выразіў падзяку ўсім тым, хто дапамагае несці яму гэтае служэнне і нагадаў, што з гэтага месца выпраменьваецца асаблівае Духоўнае Святло, якім з'яўляецца Збавіцель, Езус Хрыстус.

У Гродзенскай дыяцэзіі гэта ўжо чацвёртая па ліку шпітальная капліца. Раней яны былі асвечаны ў Гродзенскім абласным шпіталі, а таксама Іўеўскай і Ашмянскай раённых бальніцах.

Святая Імша і наведванне хворых у палатах ў Гродзенскім абласным кардыялагічным цэнтры, што па вул. Болдзіна 9, адбываецца кожны аўторак ад 17 гадзіны.

Фота з cardio.grodno.by

Фотаздымкі з урачыстасці будуць дададзены пазней