Skip to main content

Крэатыўнасць піярскай моладзі са Шчучына

Каляды. Аб гэтым свяце яшчэ з дзяцінства ведае кожны. Нараджэнне Езуса – час пачуць сапраўдныя словы ласкі, любові, цярпення Божага, шанец абнавіць веру і пачаць жыць па Яго Запаветах, даносіць Яго словы ісціны на працягу ўсяго нашага жыцця ад аднаго чалавека да іншага. Для ўсіх - гэта час цудаў.

І адно са штогадовых цудаў, якое сапраўды здзіўляе, гэта тое, што незалежна ад надвор'я з года ў год, - у ноч з 24 на 25 снежня выпадае снег і стаіць мароз.. Вось гэта сапраўднае чараўніцтва, якое паказвае нам, што сама прырода святкуе ў гэты час разам з усімі.

І вось у гэтае вялікае свята шчучынская моладзь вырашыла наведаць жыхароў горада і тым самым прынесці ім радасць Свята! Было падрыхтавана цэлае каляднае прадстаўленне, дзе абавязковай часткай былі розныя вобразы, у якія была апранута моладзь, і вядома, вялікі мяшок для прысмакаў. Усё атрымалася нечакана цікава. Тыя, да каго прыходзіла моладзь, аказвалі вельмі гасцінны прыём. Былі ўсмешкі на тварах, радасть ў вачах, словы падзякі. І гэтая цёплая рэакцыя вельмі падбадзёрвала, абуджала!

Увогуле, усе засталіся задаволеныя – і калядоўшчыкі, і жыхары. А з прысмакаў, якія ўдалося сабраць, быў наладжаны цэлы пір для моладзі.

Яшчэ адной цікавай падзеяй у Шчучынскай парафіі стала пастаноўка на свята Святой Сям'і. У нядзелю 30 снежня пасля святой Імшы парафіянам была прадстаўлена невялікая сцэнка з цікавым сучасным сюжэтам у суправаджэнні моладзевага хору. У аснове сюжэту - гісторыя нараджэння, распавядаючы якую, Анёл ратуе сям'ю маленькай дзяўчынкі ад сварак і разладу. Тыя, хто застаўся паглядзець не пашкадавалі. Гэта было відаць і па эмоцыях на тварах, і па апладысмэнтах, прысвечаных акцёрам.

Анастасія Ясюкевіч, Шчучын