Skip to main content

У Гродне ладзіўся Дзень засяроджання для сясцёр

Дзень засяроджання сясцёр адбыўся ўчора ў Гродне ў пабрыгіцкім касцёле. Св. Імшу ўзначаліў кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч, канферэнцыю прамаўляў а. Юзаф Макарчык.

Пасля Вяночка да Божай Міласэрнасці а. Юзаф правёў для сясцёр канферэнцыю на тэму страху чалавека перад Богам. У дзяцінстве нам казалі, што калі будзеш рабіць дрэнныя ўчынкі, то Бог цябе пакарае. Аблічча Бога ў чалавека з дзяцінства атаясамліваецца з воблікам бацькі. І ў чалавека паступова можа скласціся вобраз Бога караючага, Які ўсё бачыць і карае за кожную правіну. Некаторыя дарослыя так бачаць Бога і ў сталым жыцці. Яны забываюцца, што Бог яшчэ і міласэрны, Ён прабачае, адкрывае рукі перад кожным чалавекам, чакаючы, каб прыняць яго, распавядаў а. Юзаф.

Пасля сакраманту паяднання і адарацыі адбылася св. Імша, якую ўзначаліў кс. біскуп А. Кашкевіч. Гамілію А. Юзаф Макарчык прысвяціў Году веры, падзяліўшыся з прысутнымі сваім досведам яго перажывання: святар распавядаў пра свайго сябра яўрэя Рыгора Хасіда, якія нядаўна памёр на 88-м годзе жыцця. Св. Імшу за памерлага сябра а. Юзаф будзе адпраўляць у францішканскім касцёле ў нядзелю 13 студзеня ў 12.30.

На заканчэнне Дня засяроджання ўсе прысутныя дзяліліся аплаткай.