Skip to main content

У Жалудку на свята Святой Сям'і ўзнаўлялі шлюбныя абяцанні

30 снежня ў Свята Святой Сям'і ў парафііі Унебаўзяцця НПМ у Жалудку адбылося ўзнаўленне шлюбных абяцаняў. У часе св. Імшы ксёндз пробашч Ян неаднаразова нагадваў прысутным аб абавязку кожнай сям'і імкнуцца да святасці па прыкладзе Святой Сям'і.

У часе казання ксёндз Ян прыпамінаў сужанцам аб абавязках, якія яны прынялі на сябе ў часе шлюбу, а у далейшым сваім жыцці ў часе хросту сваіх дзяцей. Выказаў заклапочанасць і шкадаванне з узрослай колькасці разводаў у нашай дзяржаве. Пробашч прывёў вельмі добры прыклад з гісторыі, які адлюстраваў вернасць і любоў жонак да сваіх мужоў, да якіх павінна імкнуцца кожная сям'я:

“... Год 1140. Кароль аблажыў крэпасць герцага Вельфа Баварскага, званую Вінесберг, і падпарадкаваў яе. Пры гэтым дамам і жанчынам, якія там знаходзіліся, па каралеўскай згодзе быў дадзены дазвол узяць з сабой столькі, колькі яны змогуць забраць на плячах. Яны ж, думаючы пра адданасць сваім мужам, а таксама і аб выратаванні астатніх, пакінулі свае рэчы і выйшлі, несучы на плячах сваіх мужоў. Калі ж герцаг Фрыдрых параіў не дазволіць гэтага, кароль жа сказаў, ухваляючы хітрасць жанчын, сказаў, што не належыць займацца тлумачэннем каралеўскіх слоў ...”.

Пасля казання пары сталі ў шэраг праз цэнтр касцёла. Сужэнская пара, якая пражыла больш за ўсіх гадоў разам, стаяла сперадзе. Каля сужанцаў, якія аднаўлялі шлюбныя абяцанні, стаялі іх дзеці і ўнукі, некаторыя з іх ужо са сваімі сужанцамі. Такая самая цырымонія адбылася і ў часе вячэрняй св. Імшы.

Мне здаецца, што традыцыя, якую я сустрэў у маёй цяперашняй парафіі, вельмі важная і патрэбная у цяперашні час - час, калі інстытут сям'і знаходзіцца ў пэўным крызісе. Свята і традыцыя аднаўлення шлюбных абяцаннеў будзе прыкладам для маладых сямей, як можна жыць разам не адзін год, а дзясяткі гадоў.

Кс. Андрэй Кеўлюк