Skip to main content

Зварот да вернікаў супольнасці гродзенскай Вышэйшай Духоўнай Семінарыі ва Урачыстасць Хрыста Валадара

Традыцыйна ва Урачыстасць Хрыста Валадара Сусвету студэнты Вышэйшай Духоўнай Семінарыі наведваюць многія парафіі нашай дыяцэзіі, каб падзяліцца з вернікамі сведчаннем свайго паклікання. Прапануем вашай увазе тэкст звароту семінарыйнай супольнасці, які алюмны ў гэты дзень маюць скіраваць да вернікаў падчас наведвання парафій.

 

Зварот супольнасці Вышэйшай Духоўнай Семінарыі ў Гродне да вернікаў Гродзенскай Дыяцэзіі на свята Хрыста, Валадара Сусвету, 25 лістапада 2012 г.

Вялебны Ксёндз Пробашч! (Вялебныя Вікарыі, Сёстры Законныя!)

Узлюбленыя ў Хрысце Пану Браты і Сёстры!

Як прыгожа, што вы прыйшлі на сённяшнюю святую Імшу цэлымі сем’ямі: унукі, дзеці, бацькі, бабулі і дзядулі. Тут, у касцёле, мы з’яўляемся адной вялікай сям’ёй, супольнасцю дзяцей Божых. Сёння намі кіруе сам Хрыстус, Валадар Сусвету. Перад нашымі вачыма паўстае вобраз Хрыста Валадара, які мы бачылі ў рэлігійных календарах або часопісах. На галаве нашага Збаўцы ўжо не цярновы вянок, як ў часе Яго Мукі, а прыгожая каралеўская карона. Замест трысціны трымае ў руцэ скіпетр, які сімвалізуе каралеўскую ўладу. Ён апрануты ў пунсовы плашч, які ўжо не спрыяе высмейванню Сына Чалавечага рымскімі салдатамі, а паказвае сілу і веліч Сына Божага. Толькі Найсвяцейшае Сэрца Езуса, якое пылае агнём любові да нас, застаецца, як на крыжы, прабітым за нашыя грахі. Больш таго, Яго па-ранейшаму раняць вострыя шыпы нашых слабасцяў і він. Але Божае Сэрца распальваецца яшчэ больш гарачай любоўю, пылае яшчэ мацней. Чаму ? Таму што Пан Езус з’яўляецца Валадаром Любові.

Гэты вобраз пераконвае нас у тым, што Хрыстус хоча быць каралём Нашых Сэрцаў. Яго міласэрнае праўленне хоча агарнуць усіх людзей, створаных на вобраз і падабенства Божае. Аднак, праз чые рукі, вусны, сэрца Езус будзе валадарыць у сэрцах многіх? Гэта будзе дасягнута праз паслугу святароў. Таму сёння асаблівым чынам мы молімся за нашага ксяндза біскупа Аляксандра, святароў, якія працуюць у нашай дыяцэзіі, клерыкаў нашай семінарыі, а таксама аб новых святых пакліканнях да святарскага служэння.

Умілаваныя! Год Веры, абвешчаны Папам Бэнэдыктам XVI 11 кастрычніка гэтага года, закончыцца ва ўрачыстасць Хрыста Валадара, 24 лістапада 2013 года. У гэты святы час Наступнік святога Пятра нагадвае нам, што кожны з нас пакліканы да таго, каб даваць сваім жыццём сведчанне веры. Кожны з нас атрымаў хрост. У сакраманце Хросту Святы Дух адарыў нас незвычайнымі цнотамі веры, надзеі і любові, а дзякуючы Ягоным дарам у сакраманце канфірмацыі мы пакліканы да вызнавання і абароны каталіцкай веры. Таму мы не можам спыніцца на тым, што звядзём нашую веру да сцвярджэння: «Я быў ахрышчаны. Я прыступіў да канфірмацыі». Бог даў нам такія вялікія дары не для таго, каб мы іх змарнавалі. Вера была дадзена нам не толькі як падарунак, але і як важнае заданне, якое трэба зрэалізаваць. Папа заахвочвае нас да штодзённага паказвання ў нашым жыцці “ззяння Слова праўды, якое пакінуў нам Езус» (PF 6). Іншымі словамі, Бог паклікаў нас да давання хрысціянскага сведчання ў сучасным свеце.

Цнота веры моцным вузлом звязваецца з цнотай любові. «Вера ж расце, калі яна перадаецца як вопыт пазнаванай любові і калі яна перадаецца як вопыт дабрыні і радасці» (PF 7). Вера без любові –пусты гук. Ніхто з нас не можа сцвярджаць, што сапраўды верыць, калі не любіць свайго бліжняга. Святы Апостал Якуб сцвярджае ў сваім пасланні: «Якая карысць, браты мае, калі нехта кажа, што мае веру, а ўчынкаў не мае? Ці можа вера збавіць яго? Калі брат ці сястра знаходзяцца ў галечы, не маючы штодзённай ежы, а нехта з вас скажа ім: «Ідзіце ў спакоі, грэйцеся і насычайцеся», але не дасць ім неабходнага для цела, то якая з гэтага карысць? Так і вера без учынкаў мёртвая сама па сабе» (Як 2, 14-17). Святы Павел, Апостал Народаў, дадае, што, “хоць трываюць вера, надзея і любоў – гэтыя тры цноты, [аднак] найбольшая з іх любоў”. (1 Кар 13,13). Гэта любоў і ласка Божая, якую мы прымаем сэрцам, адкрывае яго на запрашэнне Пана. Вера не з’яўляецца асабістай справай пэўных вернікаў. Мы павінны дзяліцца ёю, а таксама любоўю з бліжнімі. Як? Менавіта так, як многія мужчыны і жанчыны на працягу стагоддзяў, якія давалі сведчанне сапраўдных хрысціян ў сям'і, на працы, у грамадскім жыцці, у выкарыстанні харызматаў і выканання паслуг, да якіх былі пакліканы (гл. PF 13). Гаворка ідзе менавіта аб тым, каб звяртаць увагу на патрабуючых, каб маліцца, а таксама бескарысна дапамагаць нашым бліжнім. Вера без любові не прыносіць плоду, і любоў, якая дзейнічае без веры, пастаянна падвяргаецца небяспецы з’яўлення сумненняў. Вера і любоў патрабуюць адна адной, таму што адна дазваляе зрэалізавацца другой.

Не менш важнымі для веры з’яўляюцца ласка і радасць. Радасць, якая плыве з перажыванай веры, узмацняе вучняў Хрыста, і нават сярод цяжкасцяў штодзённага жыцця яны не перастаюць давяраць Богу. Сапраўдны хрысціянін радуецца ўжо самім фактам, што ён – умілаванае Божае дзіця, адкупленае Найдаражэйшай Крывёю Хрыста, і дзеліцца гэтай радасцю з іншымі людзьмі. Так, падтрыманы Божай ласкай, ён становіцца апосталам веры ў сваім жыццёвым асяроддзі.

Браты і Сёстры! Да плённага перажывання Года Веры заахвочвае нас Сінод Біскупаў, які разглядаў праблематыку новай евангелізацыі. Ён адбыўся ў Рыме ў кастрычніку бягучага года. Біскупы з усяго свету пад кіраўніцтвам Святога Айца Бэнэдыкта XVI звяртаюцца да нас з заклікам, каб мы не паддаліся хвалі секулярызацыі, ідэалогіі камфорту і спажывальніцтва, якія ахапілі ўвесь свет. Евангелле ўсе ж тое самае, аднак, каб абвяшчаць яго ў жыцці і жыццём, Хрыстус паклікаў сваіх вучняў. І гэта менавіта мы з’яўляемся вучнямі Хрыста, якім Ён даверыў евангелізаванне нашых родных, суседзяў, супрацоўнікаў, падуладных, – ці інакш усіх тых, з кім мы сустракаемся штодня. Аднак, каб евангелізаваць, трэба распачаць ад самога сябе і навярнуцца да Бога, бо ўсе асабістыя грахі вучняў Езуса пярэчаць Яго місіі. Давайце ж клапаціцца аб рэлігійным стане нашых сямей, якія з’яўляюцца школамі малітвы, веры і сведчання для малодшых пакаленняў. Давайце вучыць дзяцей і моладзь пашане да Пана Бога і праўды, якую Ён нам перадае. Давайце часта прыступаць да сакрамантаў Пакаяння і прымаць Святую Камунію, сапраўднае Цела Хрыста.

Умілаваныя! Няхай Год Веры стане нашым адказам на сучасны крызіс веры і духоўнага жыцця, які мы заўважаем у многіх непрактыкуючых католікаў. У гэтым часе Касцёл жадае паказаць ім прагажосць веры, запрасіць да глыбейшага перажывання яе, а перад усім прыпомніць ім аб Богу, які нас любіць і чакае на наш адказ. Давайце ж ўключымся і мы ў гэтую важную справу. Ксёндз Біскуп Аляксандр, Пастар нашай Дыяцэзіі, просіць кожнага з нас, каб мы не засталіся ў баку ад вялікай падзеі, якой з’яўляецца Год Веры. Давайце актыўна перажывём гэты час. Давайце памолімся аб памнажэнні веры ў нас, у нашых сем’ях, у нашай краіне і ва ўсім свеце. Давайце злучым з малітвай нашы штодзённыя справы і сведчанне аб прыналежнасці да Хрыста і Касцёла. Давайце станем апосталамі веры, слугамі Хрыста Валадара.

Асаблівай увагі сёння заслугоўваюць святары, пастары Божага статку, якія атрымалі місію “так як Хрыстус вырушыць у дарогу, каб вывесці людзей з пустыні на прастор жыцця, да сяброўства з Сынам Божым” (PF 2). Сёння разам з вамі на Святой Імшы прысутнічаюць тыя, хто імкнецца да святарства, клерыкі Вышэйшай Духоўнай Семінарыі ў Гродне. Падтрыманыя вашай малітвай, у духу любові, мы хочам сёння падзяліцца з Вамі радасцю з перажывання нашай веры. Асабліва звяртаемся да маладых людзей, якія ў гэтым перыядзе свайго жыцця задумваюцца, які жыццёвы шлях ім выбраць: Адвагі ! Не бойцеся ! Хрыстус Вас усіх любіць, таму кліча кожнага з Вас, каб пайсці за Ім. Апостальскі Нунцый у Беларусі Клаўдыё Гуджэроцці заклікае Вас, маладыя людзі, каб Вы не адвярнуліся спіной да Хрыстуса і не згасілі ў сабе агеньчыка Духа Святога, які атрымалі падчас Бежмавання. Малады дружа ! Чуеш у сваім сэрцы голас паклікання, каб быць слугой самога Езуса ? Хочаш стаць святаром ? Не палохайся ! Скажы Хрысту сваё “ТАК” ! Даверся Яму ! Ідзі за Ім !

Узлюбленыя ў Хрысце! Мы, клерыкі Вышэйшай Духоўнай Семінарыі ў Гродне, ад імя нашых суперыёраў і ўсёй семінарыйнай супольнасці дзякуем вам за духоўную падтрымку і матэрыяльную дапамогу. Дзякуем за вашыя шчодрыя сэрцы, адкрытыя на патрэбы Касцёла. У Год Веры мы абяцаем памятаць аб Вас у нашых малітвах. Святая Імша за ахвярадаўцаў і прыяцеляў семінарыі будзе адпраўлена 8 снежня, у свята Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, якая з’яўляецца нашай Заступніцай.

Няхай Хрыстус, Валадар Сусвету, благаславіць вас усіх. Амэн.

Тэкст на польскай мове