Skip to main content

Прадстаўнікі гродзенскай семінарыі прынялі ўдзел у навуковай канферэнцыі “Шлях да ўзаемнасці”

15-16 лістапада ў актавай зале галоўнага будынка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылася XVIII Міжнародная навуковая канферэнцыя “Шлях да ўзаемнасці”, якая сабрала вучоных з розных краін. У канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі з Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі на чале з кс. прэлатам Юзэфам Станеўскім, рэктарам гэтай навучальнай установы.

На канферэнцыі прысутнічалі таксама прадстаўнікі ўлады на чале з намеснікам кіраўніка гродзенскага аблвыканкама, дэлегацыі з розных грамадскіх арганізацый і студэнты. Ініцыятарамі падобных канферэнцый з’яўляюцца Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы і Саюз палякаў на Беларусі (СПБ). У першы дзень адбылося пленарнае пасяджэнне, на якім выступілі са сваімі дакладамі прафесары А. Лукашанец, дырэктар Інстытута мовы і літаратуры Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, Т. Валакіціна з Масквы, Л. Дацэвіч з Беластока, М. Даніловіч з Гродна, і Н. Салохін з Омска.

На паседжаннях секцый, прысвечаных разнастайным тэмам, выступіла каля 100 даследчыкаў. Паводле кс. прэлата Ю. Станеўскага, правядзенне такіх мерапрыемстваў вельмі ўзбагачае і пашырае светапогляд асобы, а таксама нагадвае нам аб існаванні вялікай колькасці супольных рысаў паміж славянскімі народамі. Пазнанне культуры і гісторыі нашых суседзяў паляпшае ўзаемаадносіны і вядзе да паглыблення ўзаемнага дыялогу паміж людзьмі розных нацыянальнасцей.

Студэнт Гродзенскай семінарыі Павел Скуба сказаў, што ўважліва слухаючы даклады навукоўцаў, адкрыў для сябе вельмі шмат гістарычных і культурных сувязей, якія аб’ядноўваюць суседнія славянскія народы. Пазнаючы багацце іншага народа, чалавек з яшчэ большай пашанай і адказнасцю ставіцца да ўласнай культурна-гістарычнай спадчыны.

Іншы семінарыст, Андрэй Ганчар, быў прыемна ўражаны прысутнасцю вялікай колькасці вядомых навукоўцаў з Беларусі, Польшчы і Расіі. Паводле А. Ганчара правядзенне такіх канферэнцый з’яўляецца важным крокам на шляху да будавання добрых узаемаадносін паміж беларускім і польскім народамі.

Міжнародныя навуковыя канферэнцыі “Шлях да ўзаемнасці” з удзелам беларускіх і польскіх даследчыкаў праводзяцца штогод з 1993 г. у розных гарадах Беларусі і Польшчы.

Фотаздымкі будуць дададзены пазней