Skip to main content

Урачыстасць з нагоды 150-годдзя Беларускай чыгункі адбудзецца на Дзевятоўцы

Свята ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля рыхтуе душпастарства чыгуначнікаў, якое існуе пры парафіі на Дзевятоўцы 14 год. Урачыстыя мерапрыемствы адбудуцца 25 лістапада ў дзень успаміну св. Кацярыны Александрыйскай, апякункі чыгуначнікаў.

Свята распачнецца св. Імшой а 13-й гадзіне, якую ўзначаліць ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч, распавёў кс. Станіслаў Станеўскі, кіраўнік душпастарства чыгуначнікаў ст. Гродна. Таксама на свята запрошаны ўладыка Арцемій, біскуп Гродзенскі і Ваўкавыскі. На ўрачыстасць прыбудуць ўдзельнікі душпастарстваў чыгуначнікаў з Ліды, Парэчча, Ваўкавыску.

Пасля св. Імшы будзе асвечаная фігура св. Кацярыны, якую ўсталююць пры касцёле каля Крыжа чыгуначнікаў і колавай пары. Фігуру прывезлі з польскага Ярослава, дзе яе зрабілі па замове гродзенскага душпастарства чыгуначнікаў.

Затым у тэатральнай залі будзе зачытаны даклад аб гісторыі Беларускай чыгункі, а таксама зладзіцца канцэрт парафіяльнага гурта.

На сёння на сустрэчы душпастарства чыгуначнікаў у Гродне прыходзіць каля 50 чалавек.