Skip to main content

2 лістапада - ўспамін усіх памерлых вернікаў

Канчатковай мэтай кожнага хрысціяніна з'яўляецца спатканне з Міласэрным Богам у небе. Адпаведным шляхам у дасягненні гэтай мэты – імкненне да дасканаласці, святасці. Аднак на практыцы мы кожны раз пераконваемся як нялёгка ісці гэтай дарогай у бушуючым моры розных спакусаў.

Шлях да збаўлення нялёгкі і таму не ўсім пасля смерці шчасціць адразу трапіць да неба. Многія людзі адыходзяць з гэтага свету з лёгкімі грахамі, за якія не паспелі перапрасіць Бога і людзей. Згодна з Божай справядлівасцю яны павінны ачысціцца ад плямаў гэтых грахоў праз ачышчэнне – чысцец, бо нячысты, як гаворыць Святое Пісанне, не можа ўвасці ў нябеснае валадарства.

2 лістапада асаблівы дзень, калі кожны з нас стараецца памятаць пра сваіх блізкіх памерлых і сваёй малітвай дапамагаць ім ў іх ачышчэнні. Гэта наш доўг адудзячыць ім за тое добрае, што мы дасведчылі з іх боку.

Аднак часам трэба нам шчыра прызнаць тое, што не заўсёды памятаем пра спачылых. У Задушны дзень ёсць асаблівая нагода каб іх ўспомніць, за іх памаліцца, наведаць могілкі, прыпомніць сабе, што і нам калісьці таксама трэба будзе вырушыць у дарогу вечнасці прайшоўшы праз браму смерці. Калі мы сваімі малітвамі дапамагаем памерлым, то можам быць упэўненымі, што не застанемся без іх дапамогі ў гэтай вандроўцы. 

Просім Бога ў гэты дзень каб вечнасць для тых, хто адыйшоў з гэтага свету, была шчаслівай.

кс. др Юрый Павайба

Выява з http://www.kciuk.pl