Skip to main content

Інаўгурацыя новага навучальнага года ў Гродзенскай семінарыі (фота)

У суботу 6 кастрычніка ўрачыста распачаўся новы навучальны год у Гродзенскай ВДС. Інаўгурацыйная ўрачыстасць, якая адбываецца 22 па ліку раз, распачалася а 10 гадзіне з прывітальнай прамовы Яго Эксцэленцыі ксяндза біскупа Аляксандра Кашкевіча, у якой ён заклікаў студэнтаў семінарыі, каб атрыманыя ад Бога таленты яны развівалі ў духу веры і радасці, а выкладчыкам і семінарыйным выхавацелям нагадаў, каб яны, ідучы за Хрыстом, з вялікай надзеяй імкнуліся зрабіць семінарыйную супольнасць шчаслівай.

Пасля архіпастыра з прывітальным словам да прысутных на ўрачыстасці звярнуўся кс. прэлат, рэктар Юзаф Станеўскі, а затым кс. прэфект Ян Радзюк зачытаў справаздачу з падзей, якія адбыліся ў 2011-2012 навучальным годзе. Усім прысутным урычыстую інаўгурацыйную лекцыю прачытаў кс. доктар Мікалай Ціхановіч, выкладчык маральнага багаслоўя на тэму “Трынітарны характар маральнага жыцця як адказ на дар веры ”.

Сёлета пяць юнакоў адчулі сваё пакліканне да святарства і вырашылі пайсці за Хрыстом. У гэты момант яны распачынаюць свой сямігадовы падрыхтоўчы шлях. 6 кастрычніка для іх быў асаблівы дзень, калі яны ўпершыню атрымалі свае першыя семінарыйныя заліковыя кніжкі і пачуліся паўнапраўнымі членамі семінарыйнай супольнасці. Першая частка мерапрыемства, якая адбывалася ў семінарыйнай залі, завяршылася студэнцкай песняй Gaudeamus Igitur.

Найважнейшай і апошняй часткай інаўгурацыйнай праграмы была св. Імша, цэлебраваная ў семінарыйнай капліцы, падчас якой два студэнты трэцяга курса першы раз у жыцці апранулі сутаны. У гэты дзень радасць семінарыстаў з першага і трэцяга курса раздзялілі іх блізкія і родныя, сябры, выкладчыкі і супрацоўнікі гэтай навучальнай установы.

На дадзены момант у Гродзенскай духоўнай семінарыі навучаецца 40 студэнтаў з розных куткоў дыяцэзіі. За даволі працяглы час існавання (22 гады) семінарыю закончыла вялікая колькасць святароў, якія на дадзены момант абвяшчаюць Евангелле не толькі ў Беларусі, але і ў блізкім і далёкім замежжы (Украіна, Расія, Казахстан, Літва, Латвія, Германія).

кс. Юры Жэгарын

Фотарэпартаж Алесі Бяленік