Skip to main content

Перажыванне Года веры ў Гродзенскай дыяцэзіі

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч выдаў спецыяльны камунікат на Год веры, у якім вызначаецца парадак яго перажывання ў Гродзенскай дыяцэзіі. Запрашаючы духоўна злучыцца з усім каталіцкім Касцёлам у перажыванні Года веры, Яго Эксцэленцыя адзначае ў камунікаце: “Сваё навучанне аб патрэбе Года веры выказаў наш Папа ў апостальскім лісце «Porta Fidei», настойліва заклікаючы, каб святары, асобы кансэкраванага жыцця і вернікі ўключыліся ў праграму духоўнага аднаўлення веры. Год веры будзе звязаны са святкаваннем 50-й гадавіны адкрыцця II Ватыканскага Сабору і 20-годдзем выдання Катэхізіса Каталіцкага Касцёла. Гэта дзве важныя прычыны для таго, каб асэнсаваць, як мы сёння жывём па веры і наколькі выконваем вымаганні веры ў сучасным грамадстве?

Прашу вас актыўна ўключыцца ў перажыванне Года веры. Перш за ўсё я прашу вас маліцца падчас кожнай нядзельнай святой Імшы з намерам памнажэння веры. Аб’яднайце малітву з вашымі справамі і сведчаннем прыналежнасці да Хрыста і Божага Касцёла ў нашай супольнасці. Няхай нам дапамагае праграма на Год веры, абвешчаная Апостальскай Сталіцай, якую мы ўводзім у дыяцэзіі з улікам духоўных патрэб мясцовага Касцёла”.

Душпастарская праграма на Год веры ў Гродзенскай дыяцэзіі

на аснове Ноты Кангрэгацыі навукі веры (Нота, якая змяшчае душпастырскія ўказанні на год веры ад 6 студзеня 2012 г.):

Душпастарскія ініцыятывы малітоўнага і катэхэтычнага характару:

- кожную нядзелю падчас св. Імшы і перад бласлаўленнем святары разам з вернікамі няхай чытаюць малітву аб памнажэнні веры  

- трэба ў нядзелі кастрычніка (14.10, 21.10, 28.10) слухаць змест Апосталькага ліста Бенедыкта XVI „Porta Fidei”, чытаючы яго часткамі – 15 хвілін перад св. Імшой – пункты: 1-6 (14.10), пункты: 7-10 (21.10), пункты: 11-15 (28.10). Для гэтага няхай кожны святар пастараецца знайсці і набыць Апосталькі ліст „Porta Fidei”

- святары павінны прамаўляць цыкл катэхетычных казанняў па тэме Апостальскага Складу Веры, Божых Загадаў і цэлебрацыі святых сакрамантаў. Парадак і тэрмін прамаўлення казанняў падчас нядзельных св. Імшаў у Годзе веры неабходна акрэсліць згодна са сваім прызнаннем. Пры падрыхтоўцы казанняў рэкамендуецца карыстацца дакументамі Ватыканскага II Сабора і Катэхізмам Каталіцкага Касцёла і іншымі тэалагічна-катэхетычнымі дапаможнікамі

- з’езды і сустрэчы, дыяцэзіяльныя сімпозіумы прысвяціць тэматыцы веры і яе каштоўнасці, асабліва паказваючы гераічныя прыклады веры мясцовых святых і благаслаўлёных, божых слугаў і простых сведкаў веры (святароў, законных сясцёр і свецкіх вернікаў)

- падчас паломніцтваў неабходна паказаць прыгажосць ласкі веры і задачы, якія выплываюць з яе.

Душпастарскія ініцыятывы практычнага характару:

- згодна са сваім прызнаннем святароў на бачным месцы у касцёлах дыяцэзіі можна будзе пакласці дакументы Ватыканскага II Сабора і Катэхізм Каталіцкага Касцёла

- неабходна зрабіць рамонт на тэрыторыі кожнай парафіі публічных адзнакаў веры – прыдарожных каплічак і крыжоў

- трэба заахвоціць вернікаў і распачаць сумесныя старанні аб узвядзенні ў мясцовасцях, дзе жывуць католікі, прыдарожных крыжоў (калі гэтыя крыжы не былі пастаўлены раней). Для ўзвядзення крыжа неабходна выбраць цэнтральнае месца і годнае гэтага рэлігійнага знака, каб аддаваць яму патрэбную грамадскую пашану. Калектыўная просьба з пісьмовым абгрунтаваннем, подпісамі вернікаў, праектам крыжа і ўказаннем месца неабходна падаць свецкім мясцовым ўладам

- неабходна ўвесці ў парафіях звычай спеву перад Літургіяй Божага Слова падчас св. Імшы ў нядзелі і ўрачыстасці песні да Святога Духа

- неабходна ўвесці падчас св. Імшы сумы у кожную нядзелю звычай спеву Нікейска-Канстанцінопальскага вызнання веры

- неабходна распаўсюджваць плакаты і абразкі з сімволікай Года веры і тэкстам “Аб памнажэнні веры” і “Апостальскім складам веры”. Абразкі можна будзе набыць у дыяцэзіяльным выдавецтве

- неабходна распаўсюджваць Апосталькі ліст Бенедыкта XVI сярод вернікаў. Ліст можна будзе набыць у дыяцэзіяльным выдавецтве

- неабходна распаўсюджваць абразкі мясцовых святых і благаславёных. Абразкі можна будзе набыць у дыяцэзіяльным выдавецтве

- неабходна запланаваць ў межах падзякі за Год веры ў кастрычніку 2012 г. Дыяцэзіяльную Пілігрымку ў Рым (наведванне найвялікшых базілік ў Рыме і ўдзел у аўдыенцыі з Папам).