Skip to main content
sapka

Распараджэнне на Год Веры і парадак яго перажывання ў Гродзенскай дыяцэзіі

svitok „ «БРАМЫ ВЕРЫ» (пар. Дз, 14, 27) ДЛЯ НАС ЗАЎСЁДЫ АДЧЫНЕНЫЯ! (пачатак Апостальскага ліста Бенядзікта XVI, які аб’яўляе Год Веры)

Шаноўныя браты ў Хрыстовым святарстве! Вялебныя айцы і законныя сёстры!

Умілаваныя вернікі Гродзенскай дыяцэзіі!

Першымі словамі Апостальскага ліста Папы нашага Бенядзікта XVI, я сардэчна запрашаю Вас усіх да перажывання Году Веры. Давайце духоўна злучымся з усім каталіцкім Касцёлам на чале са Святым Айцом Бенядзіктам XVI, які 11 кастрычніка разам з біскупамі ўсяго свету падчас Святой Імшы ў Базыліцы святога Пятра ў Рыме распачне (-аў) Год Веры! Заканчэнне Года Веры наступіць 24 лістапада 2013 года ва ўрачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету.

Сваё навучанне аб патрэбе году веры выказаў наш Папа ў апостальскім лісце „Porta Fidei”, настойліва заклікаючы, каб святары, асобы кансэкраванага жыцця і вернікі, уключыліся ў праграму духоўнага аднаўлення веры. Год Веры будзе звязаны са святкаваннем пяцідзесятай гадавіны адкрыцця Ватыканскага II Сабора і дваццацігоддзем выдання Катэхізма Каталіцкага Касцёла. Гэта дзве важныя прычыны для таго, каб асэнсаваць, як мы сення жывём па веры і наколькі выконвем вымаганні веры ў сучасным грамадстве?

Прашу вас актыўна ўключыцца ў перажыванне Года Веры. Перш за ўсё я прашу вас маліцца падчас кожнай нядзельнай Святой Імшы з намерам памнажэння веры. Аб’яднайце малітву з вашымі справамі і сведчаннем прыналежнасці да Хрыста і Божага Касцёла ў нашай супольнасці. Няхай нам дапамагае праграма на Год Веры, абвешчаная Апостальскай сталіцай, якую мы ўводзім у дыяцэзіі з улікам духоўных патрэбаў мясцовага Касцёла.

Усім вам на перажыванне году веры, як Году ласкі ад Пана, з усяго сэрца благаслаўляю

Аляксандр Кашкевіч

Гродзенскі біскуп


Я прашу шаноўных пробашчаў і адміністратараў парафій Гродзенскай дыяцэзіі аб прачытанні ніжэй змешчанага Распараджэння падчас нядзельных аб’яў 7 або 14 кастрычніка 2012 г. Таксама вельмі прашу Паважаных Святароў дастасавацца да Праграмы на Год Веры і данесці вернікам парафій Гродзенскай Дыяцэзіі - душпастырскія ініцыятывы гэтага Году.

ДУШПАСТЫРСКАЯ ПРАГРАМА ГОДУ ВЕРЫ Ў ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ

НА АСНОВЕ НОТЫ КАНГРЭГАЦЫІ НАВУКІ ВЕРЫ (Нота, якая змяшчае душпастырскія ўказанні на год веры ад 6 студзеня 2012 г.)

Душпастырскія ініцыятывы малітоўнага і катэхэтычнага характару:

- кожную нядзелю падчас Святой Імшы і перад благаслаўленнем святары разам з вернікамі няхай чытаюць малітву аб памнажэнне веры (тэкст малітвы, адобраны нашай уладай, будзе прыкладзены).

- патрэбна ў нядзелі кастрычніка (14.10, 21.10, 28.10) слухаць змест Апосталькага ліста Бенядзікта XVI „Porta Fidei”, чытаючы яго часткамі – 15 хвілін перад Святой Імшой – пункты: 1-6 (14.10), пункты: 7-10 (21.10), пункты: 11-15 (28.10). Для гэтага няхай кожны святар пастараецца знайсці і набыць Апосталькі ліст „Porta Fidei”.

- святары павінныя прамаўляць цыкл катэхэтычныя казанні па тэме Апостальскага Складу Веры, Божых Загадаў і цэлебрацыі святых сакрамэнтаў. Парадак і тэрмін прамаўляння казанняў падчас нядзельных св. Імшаў у Годзе Веры неабходна акрэсліць згодна са сваім прызнаннем. Пры падрыхтоўцы казанняў рэкамендуецца карыстацца дакументамі Ватыканскага II Сабора і Катэхізмам Каталіцкага Касцёла і іншымі тыялагічна-катэхэтычнымі дапаможнікамі.

- з’езды і сустрэчы, дыяцэзіяльныя сімпозіумы прысвяціць тэматыцы веры і яе каштоўнасці, асабліва паказваючы гераічныя прыклады веры мясцовых святых і благаслаўлёных, божых слугаў і простых сведкаў веры (святароў, законных сёстраў і свецкіх вернікаў).

- падчас паломніцтваў неабходна паказаць прыгажосць ласкі веры і задачы, якія выплываюць з яе.

 Душпастырскія ініцыятывы практычнага характару:

-згодна са сваім прызнаннем святароў на бачным ммейсцы у касцёлах дыяцэзіі можна будзе пакласці дакументы Ватыканскага II Сабора і Катэхізм Каталіцкага Касцёла

- неабходна зрабіць рамонт на тэрыторыі кожнай парафіі публічных адзнакаў веры– прыдарожных каплічак і крыжоў.

- патрэбна заахвоціць верных і распачаць сумесныя старанні аб узвядзенні ў мясцовасцях, дзе жывуць католікі, прыдарожных крыжоў (калі гэтыя крыжы не былі пастаўлены раней). Для ўзвядзення крыжа неабходна выбраць цэнтральнае месца і годнае гэтага рэлігійнага знака, каб аддаваць яму патрэбную грамадскую пашану. Калектыўная просьба з пісьмовым абгрунтаваннем, подпісамі вернікаў, праектам крыжа і указаннем мейсца неабходна падаць свецкім мясцовым ўладам.

-неабходна ўвесці ў парафіях звычай спеву перад Літургіяй Божага Слова падчас Св. Імшы ў нядзелі і ўрачыстасці песні да Святога Духа.

- неабходна ўвесці падчас Святой Імшы сумы у кожную нядзелю звычай спеву Нікейска-Канстанцінопальскага вызнання веры.

- неабходна распаўсюджваць плакаты і абразкі з сімволікай Году Веры і тэкстам “Аб памнажэнні веры” і “Апостальскім складам веры”. Абразкі можна будзе набыць у дыяцэзіяльным выдавецтве.

- неабходна распаўсюджваць Апосталькі ліст Бенядзікта XVI сярод вернікаў. Ліст можна будзе набыць у дыяцэзіяльным выдавецтве.

- неабходна распаўсюджваць абразкі мясцовых святых і благаславёных. Абразкі можна будзе набыць у дыяцэзіяльным выдавецтве.

- неабходна заплянаваць ў межах падзякі за Год Веры ў кастрычніку 2012 г. Дыяцэзіяльную Пілігрымку ў Рым (наведванне найвялікшых базылік ў Рыме і ўдзел у аўдыенцыі з Папам).

Малітва аб памнажэнні веры і благаславенства на год веры

Малітва аб памнажэнні веры

Святар: Пане Езу, сын Бога жывога, памнож нам веру ў Тваё слова, у якім укрыта праўда і ў якім Ты сам прысутнічаеш. Адкрый наш розум і сэрца, каб мы ўважліва слухалі словы Евангелля і прагна пазнавалі Тваю навуку, якой вучыць нас Касцёл. Спашлі на нас Духа, каб Ён прывёў нас да праўды.

Вернікі: Пане, памнож нам веру.

Святар: Выратавальнік сусвету, памнож нам веру ў Тваё збаўчае дзеянне ў святых сакрамэнтах і Тваю прысутнасць сярод нас у знаку хлеба. Няхай наша вера аб’яўляецца ў ахвотным прыходзе на адараванне Цябе і поўным удзелам у перажыванні сакрамэнтаў, асабліва Еўхарыстыі.

Вернікі: Пане, памнож нам веру.

Святар: Езу, Сын Марыі, памнож нам веру ў Тваю прысутнасць у нас і ў іншых людзях. Не дазволь нам забыць Твае словы: " Што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі ". Дай нам сілы, каб мы служылі Табе ў людзях, да якіх Ты нас пасылаеш.

Вернікі: Пане, памнож нам веру.

Святар: Прымі, o Міласэрдны Езу, нашу пакорную малітву для памнажэння веры. Няхай яна фарміруе ўсё наша жыццё і прывядзе нас да Цябе. Які жывеш і валадарыш на вякі вечныя. Амэн.

Агульнае благаслаўленне

С.: Пан з вамі.

В.: І з духам тваім.

С.: Схіліце галовы для благаслаўлення.

Усемагутны Бог, які зрабіў вас сваімі дзецьмі, няхай памножыць вашу веру, каб вы добрасумленна выконвалі Яго волю.

В: Амэн.

С.: Божы Сын, які прысутнічае сярод нас, няхай вядзе вас шляхамі праўды і любові.

В: Амэн.

С.: Святы Дух, які напаўняе вас, няхай адкрывае вашы вочы, каб вы маглі распазнаць Хрыста ў бліжніх.

В: Амэн.

С.: Няхай благаславіць вас Бог усемагутны, Айцец і Сын, + і Дух Святы.

В.: Амэн.

Рэдагавана: 30 Лістапада 2015