Skip to main content

Італьянскі кардынал Баньяска распавёў пра вынікі пасяджэння Рады епіскапаў Еўропы

30 верасня ў швейцарскім Санкт-Галене завяршылася пленарнае пасяджэнне Рады епіскапатаў Еўропы (ССЕЕ), на якім Беларусь прадстаўлялі гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч і Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Біскупы шмат разважалі на тэму будучыні Еўропы ў сувязі з сучаснымі культурнымі тэндэнцыямі.

Як адзначыў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё кардынал Анджэла Баньяска, старшыня епіскапату Італіі і віцэ-старшыня Рады епіскапатаў Еўропы, фундаментальная задача, якая стаіць перад Еўропай сёння, — гэта адкрыццё ўласнай душы.

 

 - Пад душой я разумею тыя ідэалы, духоўныя і маральныя каштоўнасці, якія айцы Еўрасаюза — Шуман, Адэнаўэр і дэ Гаспары — усведамлялі, калі думалі аб аб’яднанай Еўропе, — сказаў іерарх. - Такім чынам, у момант, калі Еўропа думае аб сабе самой, яна павінна ясна і рашуча вярнуцца да ўласных хрысціянскіх каранёў, — дадаў кардынал. — Мне здаецца, што павінна развіцца, з дапамогай усіх, і перш за ўсё нас — Каталіцкага Касцёла, культурная распрацоўка дзвюх фундаментальных катэгорый, якія, на мой погляд, з’яўляюцца „петлямі” Еўрасаюза: свабоды — асаблівай спадчыны сучаснасці, але перш за ўсё плёну Евангелля — свабоды як формы самаабмежавання. І другой катэгорыі — адсутнасці дыскрымінацыі.

Кардынал Баньяска адзначыў, што для таго, каб Еўропа магла знайсці саму сябе, важнае значэнне мае рэлігійнае вымярэнне.

 - Адкінуць Бога на перыферыю ці прэтэндаваць на пабудову зямнога горада без рэлігійнага, трансцэндэнтнага вымярэння азначае ісці супраць людзей: калі чалавек пазбаўляецца свайго фундаменту, які трансцэндэнтны, што кладзецца ў аснову яго учынкаў? У момант, калі адмаўляецца чалавечая прырода і Стварыцель, губляецца фундамент дзейнасці, як асабістай, так і супольнай. Нам уручаецца логіка лічбаў, якія неабходны для дэмакратыі, але не павінны быць дамінуючымі, калі гаворка ідзе пра маральныя каштоўнасці, — сказаў іерарх.

На думку кардынала, у гэтым кантэксце з’яўляецца асабліва актуальным Год веры, які хутка пачнецца ў Касцёле. Ён павінен стаць часам навяртання сэрца і перамены жыцця вернікаў, а з гэтага, мяркуе італьянскі іерарх, народзіцца і евангелізацыйны запал, які прынясе вялікія плёны для Еўропы.

Удзельнікі форуму вырашылі, што наступнае пленарнае пасяджэнне ССЕЕ адбудзецца 3–6 кастрычніка 2013 г. у Братыславе (Славакія).