Skip to main content

Рэкалекцыі ў Сапоцкіне для катэхетаў

З 28 да 30 верасня ў Сапоцкіне адбудуцца рэкалекцыі для свецкіх катэхетаў і тых, хто рыхтуецца імі быць. Галоўным арганізатарам духоўнага мерапрыемства з’яўляецца Каталіцкі навукова-выхаваўчы аддзел, офіс якога знаходзіцца ў курыі Гродзенскай дыяцэзіі. Рэкалекцыі правядзе кс. Юрый Марціновіч, дырэктар партала Catholic.by.

На працягу трох дзён духоўных практыкаванняў удзельнікі рэкалекцый будуць разважаць, чым для веруючага католіка з’яўляецца вера, які яе сэнс і з якімі цяжкасцямі можа сустрэцца чалавек, які верыць ў Хрыста. Тэма рэкалекцый была выбрана невыпадкова, таму што 11 кастрычніка распачынаецца Год веры, абвешчаны Яго Святасцю Бенедыктам XVI. Паводле Пантыфіка Год веры павінен стаць для кожнага веруючага запрашэннем да сапраўднага, новага навяртання і актыўнага ўдзелу ў справе новай евангелізацыі. Абвяшчэнне Года веры Святым Айцом звязана таксама з пяцідзясятай гадавінай адкрыцця ІІ Ватыканскага Сабора і дваццатай гадавінай ад моманту публікацыі Катэхізму Каталіцкага Касцёла.