Skip to main content

Фотаконкурс: “100% майго сэрца для Езуса”

Папа Бенедыкт XVI у сваім апостальскім лісце “Portam Fidei” абвясціў Год веры, які распачнецца 11 кастрычніка. Ён павінен узмацніць нас у веры і прыблізіць да Бога. Праз малітву, удзел у рэкалекцыях і душпастарскіх акцыях з вялікім роздумам і нізка схіліўшыся над таямніцамі веры, мы будзем перажываць Год веры. Перажыць гэты год можна па-рознаму. Калі Ты веруючы і практыкуючы чалавек, калі маеш пад рукой фотаапарат, гэты конкурс для Цябе. Газета “Слова Жыцця” і каталіцкі партал нашай дыяцэзіі grodnensis.by абвяшчае конкурс на лепшы здымак, які паказвае веру чалавека, што жыве ў Беларусі.

Найлепшыя здымкі, якія паказваюць рэлігійнае жыццё людзей нашых тэрыторый будуць змешчаны ў нашай газеце і на інтэрнэт-старонцы. Пераможцы атрымаюць новую кашульку “Слова Жыцця” і спецыяльную ўзнагароду (пераможца будзе выбраны шляхам галасавання на інтэрнэт-старонцы нашай дыяцэзіі), кубак “Люблю grodnensis.by” атрымае пераможца, якога выбера рэдакцыя газеты і партала. Пераможцаў II і III месцаў таксама чакаюць цікавыя ўзнагароды. Усе здымкі, якія адпавядаюць нашым крытэрыям, будуць апублікаваны на інтэрнэт-старонцы grodnensis.by.

Правілы конкурсу: 

- удзел у конкурсе можа прыняць кожны, хто выканае ўмовы, устаноўленыя арганізатарамі;

- здымкі павінны быць зроблены ў 2012 годзе;

- здымкі не павінны быць прафесійнымі, галоўнае, каб яны былі тэматычнымі, перадавалі настрой і глыбокую веру чалавека;

- да здымка трэба дадаць наступную інфармацыю: назву, кароткае апісанне (што паказана на здымку), імя аўтара, кантактныя даныя, дату, калі быў зроблены здымак;

- здымкі на конкурс трэба дасылаць да 30 верасня на электронную пошту grodnensis@gmail.com з подпісам: Фотаконкурс “100% майго сэрца для Езуса”;

- пераможцы будуць выбраны ў дзвюх намінацыях: найлепшы здымак, выбраны рэдакцыяй і шляхам галасавання на інтэрнэт-старонцы;

- галасы за здымак можна будзе аддаваць на інтэрнэт-старонцы. Пераможа аўтар здымка, які атрымае найбольш галасоў;

- галасаванне на інтэрнэт-старонцы пачнецца 1 кастрычніка і працягнецца 10 дзён. Пераможца будзе аб’яўлены 11 кастрычніка;

- да ўдзелу ў конкурсе не будуць прымацца здымкі з непрыстойным зместам, вельмі нізкай якасці, з неадпаведнай датай, размытыя, цёмныя ці тыя, змест якіх супярэчыць закону дзяржавы;

- удзельнік конкурсу, высылаючы свой здымак, аўтаматычна згаджаецца з правіламі конкурсу.

Запрашаем усіх Чытачоў і карыстальнікаў інтэрнэту прыняць удзел у конкурсе. Мы супольна абвяшчаем Хрыста і паказваем нашу веру, якая з’яўляецца жывой і моцнай.