Skip to main content

Стогадовы юбілей адзначыла з удзелам біскупаў ваўкавыская парафія св. Станіслава Косткі

100 wolkowysk 14

18 верасня парафія св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску святкавала стагоддзе свайго існавання. Паколькі ў гэты дзень адзначаецца літургічны ўспамін нябеснага апекуна парафіі, святкаванне юбілею супала з яе адпустовай урачыстасцю.

З каталіцкіх іерархаў гасцямі свята сталі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска. Сярод запрошаных былі ранейшыя пробашчы парафіі, іншыя шматлікія святары Гродзенскай дыяцэзіі, святар Праваслаўнай Царквы. Ад прадстаўнікоў улады прысутнічала дэлегацыя на чале са старшынёй Ваўкавыскага райвыканкама Дзмітрыем Захарчуком. Прысутнічалі шматлікія парафіяне, госці з Ваўкавыска і наваколля.

Галоўнага госця, арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, парафіяне прывіталі на прыступках святыні боханам хлеба. Гэта было асабліва ўрачыстым момантам свята.

Таксама, па словах Антона Мурончыка, які падзяліўся інфармацыяй пра свята, у гэтым праявіўся “дух гасціннасці і вялікай пашаны да пастыра Касцёла”.

Святкаванне адкрылася прэзентацыяй, у якой была прадстаўлена гісторыя парафіі і яе пробашчаў.

Біскуп Андрэй Зноска зачытаў прывітальнае слова Апостальскага нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь арцыбіскупа Іньяцыё Чэффаліа.

Словы віншаванняў выказаў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, для якога Ваўкавыск з’яўляецца родным горадам. “Сто гадоў — гэта гісторыя, напісаная малітвай, ахвярнасцю, працай і сведчаннем веры многіх пакаленняў. Гэта гісторыя святароў і кансэкраваных асоб, бацькоў і дзяцей, дзякуючы якім агонь веры ў гэтай парафіяльнай супольнасці ніколі не згасаў”, – сказаў іерарх.

100 wolkowysk 20

Старшыня райвыканкама Дзмітрый Захарчук таксама выказаў словы падзякі і віншаванняў, падкрэсліўшы значэнне веры для жыцця грамадства. Да віншаванняў далучыўся святар Праваслаўнай Царквы, адзначыўшы дух хрысціянскага братэрства і адзінства.

Цэнтральнай падзеяй свята стала ўрачыстая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У гаміліі іерарх, як непасрэдны сведка і ўдзельнік жыцця гэтай парафіі, успомніў часы яе адраджэння, падкрэсліў, што вернікі не павінны заставацца толькі гасцямі ў новай парафіяльнай святыні, а павінны стаць сапраўднымі гаспадарамі і будаўнікамі яе духоўнага жыцця.

Парафіяне ў межах літургіі прынеслі да алтара сімвалічныя дары, кожны з якіх быў знакам падзякі Богу і надзеі на будучыню парафіі: палаючую свечку, гадзіннік, ружанец, Біблію, хлеб і віно.

У канцы Імшы ўдзельнікі праспявалі гімн “Цябе, Бога, праслаўляем”. Пасля літургіі парафіяне падзякавалі біскупам за прысутнасць, малітву і пастырскае благаслаўленне, уручыўшы як знак удзячнасці ад парафіі сувеніры з лагатыпам юбілею. Падарункі атрымалі прадстаўнікі свецкай улады і ўсе прысутныя святары, якія ўдзельнічалі ў святкаванні.

100 wolkowysk 24

Па заснаванай сто гадоў таму традыцыі біскупу Гродзенскаму быў падораны гравіраваны паднос з надпісам у гонар юбілею. Найбольш актыўным прадстаўнікам парафіі ад імя пробашча кс. Аляксандра Раманоўскага і біскупа Уладзіміра Гуляя былі ўручаны лісты падзякі.

На заканчэнне свята была зроблена агульная фатаграфія. Біскуп Гродзенскі здзейсніў благаслаўленне памятнага знака ў гонар стагоддзя парафіі і мемарыяльнай дошкі ў памяць першага пробашча кс. Уладзіслава Маляўскага, дзякуючы якому быў пабудаваны ранейшы, драўляны парафіяльны касцёл, і кс. каноніка Алега Дуля, які займаўся будаўніцтвам касцёла цяперашняга.

“Святкаванне стала сапраўдным сімвалам жывой веры і трывалай гісторыі”, – адзначае Антон Мурончык.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі