У нядзелю 14 верасня парафію Узвышэння Святога Крыжа ў Макараўцах (дэканат Гродна-Захад) наведаў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч. У гэты дзень – свята Узвышэння Святога Крыжа – парафія адзначала адпустовую ўрачыстасць тытулу свайго касцёла.
Біскуп узначаліў у парафіі Імшу, на якой здзейсніў асвячэнне алтара. У літургіі ўдзельнічалі шматлікія парафіяне і госці.
Усіх прысутных прывітаў пробашч парафіі кс. Павел Беланос.
У гаміліі біскуп прыгадаў гісторыю свята Узвышэння Святога Крыжа. Па словах іерарха, у крыжы Хрыста змяшчаецца пасланне любові, якое заключаецца ў тым, што “нават у самых вялікіх цярпеннях мы ніколі не самотныя”. “Нават тады, калі можа здавацца, што ўсе нас пакінулі, забылі пра нас, – крыж нагадвае, што з намі Езус”, – адзначыў біскуп.
Іерарх дадаў, што крыж не павінен быць для людзей чымсьці страшным, бо не толькі нагадвае пра муку Збаўцы, Яго пакуты і ахвяру, прынесеную для збаўлення свету, але і з’яўляецца знакам уваскрасення, найвялікшай радасці і надзеі.
Біскуп заахвоціў удзельнікаў урачыстасці “давяраць Божай любові да канца, безумоўна”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі