Skip to main content

Вернікі парафіі ў Воранаве прывіталі новага пробашча

woranawa 4

1 верасня ў парафіі святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша ў Воранаве (Радунскі дэканат) прывіталі новага пробашча. Ім стаў кс. Уладзімір Буклярэвіч SAC.

Ксёндз Уладзімір змяніў на гэтай пасадзе кс. Анджэя Вітэка SAC, які шмат гадоў служыў у Беларусі, а цяпер па рашэнні кіраўніцтва Таварыства Каталіцкага Апостальства, да якога належыць, будзе служыць у Польшчы. З ксяндзом Анджэем вернікі парафіі развіталіся 24 жніўня.

Увядзенне новага пробашча ў пасаду здзейсніў дэкан Радунскага дэканату кс. канонік Генрык Яблонскі на святой Імшы ў парафіяльным касцёле – дэканальным санктуарыі Езуса Міласэрнага.

Парафіяне звярнуліся да новага пробашча са словамі прывітання і паабяцалі маліцца за яго.

Ксёндз Уладзімір Буклярэвіч нарадзіўся 20 мая 1979 г., паходзіць з парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Германішках (Радунскі дэканат). Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 8 мая ў Алтажаве (Польшча), належыць, як і кс. Анджэй Вітэк, да Таварыства Каталіцкага Апостальства (палатыны). З 2004 па 2007 і з 2009 па 2025 год служыў у Бярозе (Пінская дыяцэзія), з 2007 па 2009 год – у Мінску, шмат гадоў з’яўляецца кіраўніком пілігрымкі з Бярозы ў Лагішын.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі