Skip to main content

 У Баранавічах прайшлі агульнабеларускія рэкалекцыі для «Легіёну Марыі»

legion maryi 13

З 22 па 24 жніўня ўдзельнікі руху «Легіён Марыі» мелі магчымасць паўдзельнічаць у духоўных практыкаваннях, якія праводзіў айцец кармэліт Аркадзь Куляха ў сценах Катэхетычнага каледжы імя Зыгмунда Лазінскага ў Баранавічах (Пінская дыяцэзія).

130 легіянераў, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню Панне Марыі, прыехалі з розных куткоў Беларусі і на працягу трох дзён удзельнічалі ў святых Імшах, канферэнцыях айца Аркадзя, спявалі Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, праводзілі час за абмеркаваннем пачутай інфармацыі, дзяліліся сваімі ўражаннямі і сведчаннямі.

«На рэкалекцыях мы будзем думаць не толькі аб зямных рэчах, але падымем нашыя думкі да неба... Падумаем пра вечнае жыццё, пра тое шчасце, якое будзе ў небе, бо гэта сапраўды нас чакае, бо гэта сапраўдны дар Пана Бога для кожнага з нас. Тое, што на зямлі, ― часовае. Тое, што чакае нас у небе, ― сапраўднае шчасце, бо яно спалучана з любоўю», ― акрэсліў мэту спаткання айцец Аркадзь Куляха OCD.

Божая прысутнасць у жыцці хрысціяніна, легіянера найперш праяўляецца праз сувязь з Паннай Марыяй, праз даручэнне Ёй сэрцаў, усяго, што хвалюе вернікаў, што ім баліць, на што яны спадзяюцца, праз іх давер Ёй і іх ўдзячнасць: «Велічае душа мая Пана… Гімн “Магніфікат” ― гэта форма, якая адкрывае нам прыгажосць Бога Айца. Гэты гімн ― вобраз вялікай удзячнасці Богу. Бог дзейнічае паводле сваёй міласэрнасці. Марыя не пытаецца, чаму Яна, але з пакорай прымае сваю місію. Яна не хваліць сябе за адвагу, за рашэнне, якое прыняла, даверыўшыся Пану Богу, але ўшаноўвае Таго, Хто дзейнічае ў ёй. Любіць Пана Бога, паставіць Бога на першым месцы, а тады любіць бліжняга, як самога сябе, ― галоўнае прызначэнне хрысціяніна».

Гэта ісціна вядомая кожнаму верніку, тым больш легіянеру. Але трэба пачуць, як пераканаўча гэтыя словы гучаць з вуснаў айца Аркадзя. У сучасным свеце прыніжаецца пакора, а ў гімне гучыць зусім іншае. У ім пакора наадварот усхваляецца, бо жанчына праз пакору адкрывае сваю веліч у хрысціянстве.

«Бог чакае, каб мы ўвялі яго ва ўсе нашыя справы, Ён хоча быць там, дзе мы. Ён чакае, каб мы былі ў гэтым свеце. Ён хоча, каб людзі на працягу свайго жыцця з Ім размаўлялі, каб слухалі Божы голас.

legion maryi 12

Мы апосталы ў тым месцы, дзе жывём, працуем, дзе сустракаемся. Каб данесці Бога людзям, з якімі сустракаемся, трэба жыць Божым Словам і гэтае Слова несці другому чалавеку, ― сцведзіў айцец Аркадзь. ― Важна быць шчырым, справядлівым перад Богам. Няма іншай дарогі, як дарога яднання з Панам Богам. Важна, каб легіянеры ў сваім апостальскім імкненні былі перш за ўсё чыстымі перад Богам. І не забываліся дзякаваць Богу за справы, якія Бог праз іх робіць».

Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, споведзь… Напэўна, амаль усе легіянеры палічылі сваім абавязкам прыступіць да сакрамэнту паяднання, каб з чыстым сэрцам, з большай пашанай удзельнічаць у святой Эўхарыстыі на працягу рэкалекцый.
«Дзякуй вялікі за арганізацыю такіх цудоўных рэкалекцый. З канферэнцый айца Аркадзя кожны легіянер даведаўся штосьці новае для сябе, патрэбнае для свайго хрысціянскага жыцця, мне так здаецца. А святая Імша ў нядзелю з біскупам Антоніем Дзям'янкам усіх нас прыемна ўразіла. Благаслаўленне біскупа для нас, легіянераў, вельмі важнае ― гэта нам дапаможа ў працы на карысць каталіцкай веры. Дзякуй вялікі», ― напісала ў легіянерскі чат Марыя Масевіч з Прэзідыума Успамогі Верных парафіі святога Міхала Арханёла ў горадзе Смаргоні.

«Удзел у нашых легіянерскіх рэкалекцыях ― гэта духоўны пасілак, калі можна так сказаць. Гэта духоўнае ўмацаванне і ўзрастанне.

Для мяне было важным, здавалася б, простае адкрыццё: маліцца за нашых ворагаў (ці людзей, якія нам моцна непрыемныя), каб яны не страцілі вечнасць. Менавіта ў гэтай інтэнцыі», ― дзеліцца сваімі думкамі па заканчэнні рэкалекцый Таццяна Грыцкевіч, сакратар Каміцыума.

Напэўна, усе легіянеры пагодзяцца са словамі падзякі Веры Каскевіч з Прэзідыума Маці Божай Балеснай з касцёла Узвышэння Святога Крыжа (Кальварыі) ў Мінску: «Шаноўныя брат Валерый і сёстры Ірына і Таццяна! Дзякуй вялікі за цудоўна арганізаваныя рэкалекцыі і за магчымасць бліжэй пазнаёміцца з сёстрамі і братамі з усёй Беларусі. Час праляцеў на адным дыханні. Адчуванне было нібыта ў раі. Дзякуй вялікі за сведчанні. Трэба дзяліцца кожнаму, хто мае чым падзяліцца, бо вельмі натхняе і падтрымлівае. Было б добра на Terra Mariae пачуць гэтыя і падобныя сведчанні, а таксама вершы, якія праслаўляюць Пана Бога, напісаныя нашай сястрой з Ліды. Хай Пан Бог аддзячыць кожнаму, хто спрычыніўся, каб час рэкалекцый прайшоў такім цудоўным, плённым чынам. Дзякуй вялікі асабіста айцу Аркадзю Куляху».

Паводле Catholic.by