Skip to main content

Біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў капліцу гродзенскай парафіі св. Піо

grandiczi2 9

31 жніўня біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч здзейсніў асвячэнне нядаўна пабудаванай капліцы маладой гродзенскай парафіі св. Піо (дэканат Гродна-Захад).

Пасля асвячэння ў капліцы ўпершыню адбылася Імша, якую ўзначаліў іерарх.

Гэтая парафія была заснавана ў 2019 г., аб яе заснаванні гаворыцца ў дэкрэце біскупа Кашкевіча, які ў той час узначальваў Гродзенскую дыяцэзію. Капліца будзе для парафіян часовым месцам малітвы, у недалёкай будучыні плануецца пачаць узводзіць касцёл. Калі капліца яшчэ не была пабудавана, мясцовыя вернікі маліліся ў капліцы гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля і, як паведамляецца, за гэтую дадзеную ім магчымасць і за ўсю аказаную дапамогу вельмі ўдзячныя айцам рэдэмптарыстам, якія там служаць.

На Імшы сабраліся шматлікія парафіяне, прысутных прывітаў пробашч кс. Артур Малафей. Святар адзначыў, што гэты дзень важны для парафіі, паколькі цяпер капліца становіцца цэнтрам парафіяльнага жыцця.

grandiczi2 5

З нагоды распачацця новага навучальнага года на літургіі было ўдзелена благаслаўленне школьнікам і студэнтам і здзейснены абрад благаслаўлення школьных прыладаў.

У гаміліі біскуп нагадаў, што Імша – двайное свята, паколькі “Езус запрашае да стала Божага слова, каб павучэнні Нябеснага Айца, заўсёды праўдзівыя, трапныя і актуальныя, асвяцілі нашы думкі і ўмацавалі сэрцы, і да стала Эўхарыстыі, у якой наталяе голад нашых сэрцаў сваёй безумоўнай, міласэрнай і прабачальнай любоўю”.

Тлумачачы чытанне Евангелля, у якім распавядаецца, як Езус Хрыстус прысутнічаў на гасціне ў доме фарысея, іерарх засяродзіў увагу на небяспецы ганарыстасці.

“Павучэнне Пана Езуса кароткае і адназначнае: нельга станавіцца ганарыстым і ўзвышацца над іншымі. Ганарыстасць належыць да галоўных грахоў, і ад яе вельмі цяжка пазбавіцца. Часам здаецца, што светам кіруюць грошы, але на самой справе часта за хцівасцю і празмерным жаданнем грошай стаіць менавіта ганарыстасць: для многіх людзей нават багацце само па сабе з’яўляецца не мэтай, а сродкам для здабыцця статусу, прэстыжу, прызнання, для заняцця важнейшага месца ў грамадстве, – заўважыў біскуп. – Рэлігійны чалавек пакорны і сціплы, ён ведае, што ўсім удзячны Богу, хоча быць Яму прыемным, паслухмяным і верным, а таксама просіць Бога аб усім, чаго хоча. Ганарысты ж чалавек з’яўляецца бажком сам для сябе, прыпісвае сабе ўсе заслугі і поспехі і пытаецца толькі аб тым, як выглядае ў вачах іншых людзей. Ён хоча падпарадкаваць сабе іншых, але па сутнасці ён нявольнік”.

Звяртаючыся да дзяцей і моладзі з нагоды распачацця навучальнага года, біскуп заклікаў іх сцерагчыся ганарыстасці, “бо яна робіць чалавека няздольным да вучобы”. “Вучыцца – гэта значыць умець слухаць, быць паслухмяным, прыняць тое, што кажуць іншыя: бацькі, настаўнікі і выхаваўцы. Ганарысты ж думае, што ўсё ведае найлепш і яму не патрэбнае ніякае павучэнне. Такі чалавек нічога не дасягне, бо няздольны слухаць. Той, хто здабыў веды ці дасягнуў поспеху ўласнымі стараннямі, ніколі не будзе ганарыстым. Такія людзі вельмі сціплыя, яны ведаюць сваю вартасць, цешацца ўласнымі ведамі і ўменнямі і не патрабуюць, каб хтосьці іншы гэта пацвярджаў”, – сказаў іерарх. Ён пажадаў школьнікам і студэнтам “як мага больш такіх сапраўдных поспехаў, дасягнутых уласнай працай”, і заахвоціў “быць мудрымі і адкрытымі на праўду і дабро”.

Біскуп дадаў, што “на Імшу мы прыходзім не таму, што нешта зрабілі ці заслужылі, а таму, што Езус Хрыстус – Гаспадар гэтай гасціны і ў сваёй дабрыні запрасіў нас быць побач з Ім”.

Парафіяне ў канцы літургіі падзякавалі біскупу, а таксама выказалі падзяку за руплівае служэнне свайму пробашчу.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі