Skip to main content

У Гродне завяршылася дыяцэзіяльная Парафіяда дзяцей і моладзі

parafiada2 31

29-30 жніўня ў Гродне праходзіла XIII Парафіяда дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. У другі дзень спаборніцтвы ў розных дысцыплінах спорту ў межах парафіяды прайшлі на стадыёне ЦСК “Нёман”.

Спаборніцтвы пачаліся з раніцы. У праграме былі скачкі ў даўжыню, настольны тэніс, кіданне мяча, бег 60, 100, 400 і 800 метраў, шашкі, бадмінтон і футбол.

“Нягледзячы на спякотнае надвор’е, удзельнікі імкнуліся да найлепшых вынікаў, каб здабыць узнагароды”, – паведамляюць нам. Натхненнем для ўдзельнікаў былі і словы біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя, што ўзнагародай на парафіядзе з’яўляюцца “не толькі медалі і дыпломы; наша галоўная ўзнагарода – годнасць і чысціня сэрца”. Аб гэтым біскуп казаў на святой Імшы ў першы дзень парафіяды.

parafiada2 25

Пасля заканчэння спаборніцтваў адбылася Імша на завяршэнне парафіяды, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Літургія цэлебравалася ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе праходзіў першы дзень парафіяды.

У гаміліі арцыбіскуп адзначыў, што “важна праяўляць таленты, якія дае нам Бог, і разважаць над імі”. “Сёння Бог выбраў для нас месца і час, калі мы маем магчымасць паказаць гэтыя таленты”, – сказаў іерарх, маючы на ўвазе парафіяду. Ён назваў важным тое, каб “перамагчы сябе ў сабе”, а таксама “дазволіць Богу дакрануцца да сэрца кожнага з нас”.

Маладым вернікам, удзельнікам парафіяды, арцыбіскуп пажадаў мець здольнасць прыняць як перамогу, так і паражэнне. “Важна, што тут усе мы розныя і адметныя, але з Хрыстом мы адно – Божая сям’я, – дадаў іерарх. – І парафіяда – добры доказ таго, што мы адно”.

parafiada2 42

“Усе вы – пераможцы, бо мы ідзём за Пераможцам – Хрыстом”, – сказаў арцыбіскуп удзельнікам парафіяды ў канцы літургіі.

Дырэктар парафіяды ў Гродзенскай дыяцэзіі кс. Артур Малафей падзякаваў арганізатарам мерапрыемства, валанцёрам, спонсарам і ўсім удзельнікам.

Пасля Імшы былі абвешчаны вынікі парафіяды і адбылося ўзнагароджванне пераможцаў. Спонсары падрыхтавалі для дзяцей і моладзі тры вялікія торты.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі