Skip to main content

У барунскім санктуарыі распачалася навэнна, якая будзе працягвацца да кастрычніка

baruny 5

9 жніўня ў санктуарыі Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных у Барунах (Ашмянскі дэканат) распачалася навэнна, якая будзе працягвацца дзевяць тыдняў. Падчас навэнны будуць дзякаваць Богу за ўскладанне карон на абраз, які знаходзіцца ў санктуарыі, а таксама маліцца аб неабходных духоўных дарах, за сем’і, дзяцей, моладзь, Касцёл на Беларусі, Гродзенскую дыяцэзію і нашу краіну.

Ускладанне карон на цудадзейны барунскі абраз адбылося ў мінулым годзе.

Малітву навэнны распачалі вернікі Ашмянскага дэканату на чале з дэканам кс. Паўлам Раманоўскім.

Кульмінацыяй навэнны стане ўрачыстасць Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных, якая адбудзецца ў санктуарыі 11 кастрычніка, пачатак у 12.00.

У суботу 16 жніўня далучыцца да малітвы навэнны запрашаюцца людзі пажылога ўзросту, самотныя і хворыя. “Запрашаем памаліцца каля цудадзейнага абраза Маці Божай Барунскай, каб у спакоі духу вытрываць усе цяжкасці і спазнаць Божую міласэрнасць”, –звяртаюцца да іх кусташ санктуарыя кс. Павел Паўлюкевіч і вернікі барунскай парафіі.

Да ўдзелу ў навэнне і ўрачыстасці Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных запрашаюцца таксама ўсе святары і вернікі Гродзенскай дыяцэзіі і ўсяго Касцёла на Беларусі. Святая Імша ў межах навэнны будзе цэлебравацца ў санктуарыі кожную суботу ў 12.00.

Акрамя таго, наведваць санктуарый у Барунах, які знаходзіцца ў ліку касцёлаў, аб’яўленых юбілейнымі ў межах Юбілейнага 2025 года, кусташ і парафіяне запрашаюць усіх ахвотных: “Запрашаем наведаць нашу святыню і стаць пілігрымамі надзеі, складаючы тут свае цярпенні і смутак свайго сэрца, поўнасцю даручаючы сваё жыццё Богу, а таксама атрымаць адпуст. Жыццё пад плашчом Панны Марыі напоўніцца нязгаснай надзеяй, Божымі дарамі, шчасцем і супакоем”.

 

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі