Skip to main content

У Навагрудку адзначылі 82-ю гадавіну мучаніцкай смерці благаслаўлёных назарэтанак

nawagrudak 8

31 ліпеня – 1 жніўня ў Навагрудку адзначылі гадавіну мучаніцкай смерці благаслаўлёных сясцёр назарэтанак, якія загінулі ў час Другой сусветнай вайны – у 1943 годзе.

Сёлета прайшло 82 гады з таго часу, як адзінаццаць назарэтанак, якія служылі ў Навагрудку, былі расстраляны нацыстамі.

У касцёле Перамянення Пана, дзе знаходзяцца рэліквіі мучаніц, адбылася святая Імша, якую цэлебраваў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч. У літургіі ўдзельнічалі іншыя святары, законныя сёстры, у тым ліку малодшыя назарэтанкі Варшаўскай правінцыі, удзельнікі пешых пілігрымак з Ліды, Дзятлава і Новай Мышы (Пінская дыяцэзія), з якой пілігрымка ў Навагрудак на ўспамін смерці благаслаўлёных мучаніц здзяйсняецца з 1997 года.

На Імшы аддалі пашану мучаніцам, памаліліся аб веры і адвазе для будучых пакаленняў і міры ва ўсім свеце.

Прысутных прывітаў рэктар касцёла Перамянення Пана кс. Ян Балтрукевіч. Біскуп Кашкевіч перадаў ад біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя, які прысутнічае на Юбілеі моладзі ў Рыме, прывітанне і запэўніванне ў малітве за ўдзельнікаў навагрудскіх урачыстасцяў і ў духоўным адзінстве з імі.

nawagrudak 3

Нагадваючы, што сёлета адзначаецца 82-я гадавіна мучаніцкай смерці назарэтанак, біскуп Аляксандр падкрэсліў, што яны, прынёсшы ў ахвяру сваё жыццё, гераічна рэалізавалі характэрную для іх манаскай супольнасці харызму служэння сям’і – бо яны дабравольна пайшлі на смерць замест бацькаў сем’яў.

Пробашч гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля а. Анджэй Ядкоўскі CSsR у гаміліі засяродзіў увагу на ўчынку мучаніц і заахвоціў па іх прыкладзе “шукаць позірку Езуса”, “шукаць Божай волі” і “жыць з Езусам штодзённа”. “Варта глядзець на Бога, тады тваё сэрца будзе спакойнае”, – сказаў святар.

У канцы Імшы настаяцельніца Беларускай правінцыі назарэтанак с. Філатэя Ціхановіч выказала прысутным падзяку за прыбыццё на ўрачыстасці і за дар супольнай малітвы. Асаблівая падзяка прагучала ў адрас пілігрымаў, было сказана, што яны прынеслі ахвяру і праявілі адданасць.

Затым адбылося начное чуванне, якое ўключала адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, канферэнцыю, Ружанец, Крыжовы шлях.

Урачыстасці завяршыліся ранішняй Імшой, якая распачалася ў 4.30 – прыблізны час мучаніцкай смерці назарэтанак.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі