15 ліпеня біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй адзначае дзень сваіх імянінаў. З гэтай нагоды Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, павіншаваў іерарха з днём яго нябеснага заступніка.
Ваша Эксцэленцыя,
Глыбокапаважаны Біскуп Уладзімір!
Ад свайго ўласнага імя і ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, святароў і Божага народа нашай краіны маю гонар выказаць Вам самыя сардэчныя віншаванні з нагоды літургічнага ўспаміну святога Уладзіміра, які з’яўляецца Вашым нябесным заступнікам.
У дэкрэце Другога Ватыканскага Сабору Christus Dominus пра пастырскае служэнне біскупаў у Касцёле чытаем: «Самі біскупы, прызначаныя Духам Святым, займаюць месца Апосталаў як пастыры душ і разам з Найвышэйшым Пантыфікам і пад яго ўладай атрымалі місію ўвекавечваць справу Хрыста, вечнага Пастыра. Сапраўды, Хрыстус дае Апосталам і іх наступнікам наказ і ўладу навучаць усе народы, асвячаць людзей у праўдзе і пасці іх. Таму біскупы ласкай Духа Святога, які ім быў дадзены, сталі сапраўднымі і аўтэнтычнымі настаўнікамі веры, першасвятарамі і пастырамі» (пар. ChD 2).
Жадаем, каб Вы і надалей былі мужным настаўнікам веры, мудрым абаронцам супольнасці Божага народа і руплівым пастырам у выкананні ўскладзенай на Вас місіі дзеля дабра Каталіцкага Касцёла на Беларусі і нашага грамадства.
Разам з вернікамі Касцёла даручаем усё Вашае жыццё і служэнне Вашаму нябеснаму заступніку, святому Уладзіміру, і просім для Вас Божага благаслаўлення ў служэнні Богу і Касцёлу ad plurimos annos — на доўгія гады.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі