Skip to main content

“Марыя – Маці надзеі”: у тракельскім санктуарыі пачаліся дыяцэзіяльныя ўрачыстасці

trakeli start 8

11 ліпеня ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) пачаліся дыяцэзіяльныя адпустовыя ўрачыстасці.

Сёлета яны праходзяць пад дэвізам “Марыя – Маці надзеі”, які пераклікаецца з дэвізам “Пілігрымы надзеі”, пад якім Касцёл адзначае Юбілейны 2025 год.

У санктуарый, дзе ў старадаўняй драўлянай святыні захоўваецца цудадзейны абраз Маці Божай з Дзіцяткам Езусам на руках, ля якой схіляе калені святы каралевіч Казімір, пешыя пілігрымкі пачалі прыбываць апоўдні. Сярод іх самая вялікая – з Гродна, у складзе якой каля 400 чалавек і якая за шэсць дзён пераадолела больш за 150 км. У пілігрымках прыйшлі таксама вернікі парафій Іўеўскага дэканату, Навагрудка, Дзятлава, Воранава, Германішак, Ліды i іншых месцаў. Шмат людзей прыбыло ў індывідуальным парадку – гэта, як нам кажуць, дае магчымасць “на працягу некалькіх гадзін дарогі быць сам-насам з Богам”.

У дзень, калі ў Тракелях пачынаюцца дыяцэзіяльныя ўрачыстасці, гэты невялікі аграгарадок Воранаўскага раёна ажывае, там збіраюцца тысячы людзей зблізку і здалёк. Многія становяцца ў чаргу, каб пакланіцца Маці Божай у касцёле, гэта займае шмат часу. На цэнтральнай вуліцы Тракеляў, дзе можна набыць сувеніры і прысмакі, у гэтыя дні столькі людзей, што цяжка рухацца. Нам распавядаюць пра гэта так: “З усмешкай, радасцю і верай людзі накіроўваюцца да Панны Марыі – Той, якая дае надзею, так патрэбную сённяшняму чалавеку і свету”.

trakeli start 25

Усіх прысутных, якія запоўнілі плошчу перад палявым алтаром, прывітаў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Ён адзначыў: “Хто тут бываў, той ведае: сюды вяртаюцца не толькі нагамі, але і сэрцам”. “Я гляджу на вас, – дадаў іерарх, – і мне хочацца сказаць адно слова: дзякуй. Але гэтае слова гучыць у маім сэрцы тысячу разоў”.

Асабліва падзякаваў біскуп тым, хто прыйшоў пяшком, сказаўшы, што яму не чужыя “пыл, мазалі, ружанец у руцэ, пластыры на нагах і шчасце ў вачах”.

Таксама ён падзякаваў тым, хто прыбыў з дзецьмі. “Не ўсе святыя былі такімі цярплівымі, як вы, калі дзіця ў дарозе плакала. Але вы тут. І гэта цуд”, – заўважыў іерарх.

Моладзі ён сказаў: “У вас мільён іншых справаў. Але вы тут. І гэта паказвае, што сэрца не згубіла настрой на Божае”. Біскуп сардэчна падзякаваў старэйшаму пакаленню вернікаў, адзначыўшы: “Вы – нашы карані, вы – нашы малітвы, што трымаюць дыяцэзію”.

Удзячнасць біскуп выказаў і святарам, законным сёстрам, семінарыстам. “Без вас няма жыцця Касцёла. А з вамі – ёсць шчырае служэнне”, – сказаў ён.

“Сёння Тракелі – месца сустрэчы, – заўважыў біскуп. – Сустрэчы з Богам. Сустрэчы з самім сабой. Сустрэчы з іншым чалавекам. І гэта – нагода адкрыцца: на споведзь, нават калі не спавядаўся тры месяцы; на Ружанец, нават калі забыўся, як яго маліцца; на песню, нават калі фальшывіш; на малітву, нават калі сумняешся; на любоў, нават калі сэрца стамілася любіць”.

trakeli start 26

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне пажадаў удзельнікам урачыстасцяў вярнуцца з іх “не толькі з ружанцам у кішэні, а з агнём у сэрцы”. “Каб дзеці казалі: “Мама, тата, вы нейкія іншыя пасля Тракеляў”, каб суседзі казалі: “Ён нешта перажыў, ён стаў мякчэйшым, добрым, спакойным”, каб вы неслі гэты фэст, як святло, у свае парафіяльныя касцёлы, на працу, у школу, у сям’ю”, – дадаў іерарх.

“Дазвольце сабе адпачыць у Божай любові, – заахвоціў біскуп. – Пакладзіце цяжар на Марыю. Аддайце боль. Запаліце надзею. Знайдзіце супакой. І памятайце: тут, у Тракелях, мы дома. І вас тут вельмі чакалі”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі