9 ліпеня, у чацвёрты дзень пешай пілігрымкі з Гродна ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях, з пілігрымамі сустрэўся біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
Іерарх цэлебраваў для пілігрымаў святую Імшу і маліўся ў іх інтэнцыі.
У гаміліі ён сказаў: “Гэта не проста падарожжа – гэта акт даверу, сведчанне жывой веры, моцнай надзеі і адкрытага сэрца. Сёлета, калі ўся каталіцкая супольнасць перажывае Юбілейны год пад дэвізам “Пілігрымы надзеі”, вы ўвасабляеце гэты дэвіз на практыцы”.
“Ваша дарога – не толькі духоўны шлях для ўласнага ўзрастання, але таксама сведчанне перад іншымі, што надзея жывая, што Бог не забыў пра гэты свет, – падкрэсліў біскуп. – Пілігрымка – гэта не толькі вонкавае перамяшчэнне. Гэта школа даверу, веры і цярплівасці. Вы вучыцеся не толькі пераадольваць кіламетры, але і выходзіць з уласнага эгаізму, перамагаць слабасць, прымаць іншасць, падтрымліваць бліжняга. Ідучы разам, вы вучыцеся надзеі. Бо надзея – гэта не аптымізм, не наіўная ўпэўненасць, што ўсё будзе добра. Надзея – гэта рашэнне даверыцца Богу, нават калі нічога не зразумела”.
Кажучы пра тое, што ў Тракелях пілігрымаў чакае абраз Панны Марыі, “Яе прысутнасць, Яе мацярынскі позірк”, біскуп патлумачыў, чаму Яе называюць Маці надзеі: “Бо менавіта Марыя першай паверыла ў немагчымае. Калі анёл абвясціў Ёй, што народзіцца Збаўца, Яна не ўсё зразумела, але адказала: “Няхай мне станецца паводле слова твайго”. Яна не ведала, што будзе заўтра, але даверылася. І калі Езус паміраў на крыжы, Яна стаяла. Не бегла. Не крычала. Не страціла надзеі. Стаяла, бо ведала: Бог верны. Ён выконвае абяцанні. Таму Марыя і ёсць Маці надзеі – бо ў самых цяжкіх абставінах даверылася Айцу. І сёння Яна заахвочвае і нас: даверцеся, не бойцеся, ідзіце. Калі нават цёмна – Яна з вамі. Яна паказвае, як любіць, як верыць, як надзяляць надзеяй іншых”.
Калі прыйдзеце ў Тракелі, не спяшайцеся, – параіў біскуп пілігрымам. – Увайдзіце ў святыню з малітвай. Станьце перад Марыяй так, як стаяў вучань Ян пад крыжам. Паглядзіце Ёй у вочы. І скажыце: “Марыя, я прыйшоў. Гэта я. Я хачу даверыцца. Я хачу верыць. Навучы мяне надзеі”. Папрасіце Яе, каб суправаджала вас у дарозе жыцця. Каб трымала за руку, калі вам цяжка. Каб навучыла любіць, маліцца, верыць – і ісці наперад, калі ўсё падае з рук”.
Біскуп падзякаваў пілігрымам за прыклад, які яны даюць іншым, не зважаючы таксама на цяжкасці, звязаныя з надвор’ем (у гэты дзень, сапраўды, умовы надвор’я не былі спрыяльнымі, ішоў дождж). Іерарх удзяліў ім благаслаўленне на далейшы шлях.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі