Skip to main content

Дзённік удзельніка пілігрымкі Гродна – Тракелі: “Дабрыня і клопат людзей, якія нас сустракалі”

4den 3

Дзень чацвёрты. Забалаць – Радунь

Гэты дзень нам запомніцца надоўга… І хацелася б, каб перш за ўсё ён запомніўся дабрынёй і клопатам людзей, якія нас сустракалі.

З самай раніцы пачаўся дождж. Спачатку ён бяскрыўдна накрапваў, больш нагадваючы шэрань, але пазней узмацніўся і стала крыху не да жартаў. Бліжэй да абеду наша становішча выглядала і зусім жаласным: мы былі мокрыя, стомленыя, ужо крыху празяблыя, але ўсё яшчэ крочылі наперад. Палявую Імшу прыйшлося перанесці ў аграсядзібу “Ё-моё”, дзе мы былі два гады таму. Улічваючы хуткасць прынятага рашэння, хочацца адзначыць адкрытасць сэрца гаспадароў аграсядзібы.

Нас размясцілі пад навесамі, паміж алтаром і намі было азярцо – выглядала гэта вельмі прыгожа і сімвалічна.

4den 1

У гэты час да нас прыехаў біскуп Уладзімір, каб раздзяліць з пілігрымамі дар Эўхарыстыі. Мабыць, больш за ўсё ў яго гаміліі мяне зачапілі словы, што надзея – гэта не проста аптымізм цi наіўная вера ў тое, што ўсё будзе добра; гэта давер Богу, нават калі нічога не разумееш, гэта ведаць, што кожны крок мае сэнс.

Пасля Імшы мы віншавалі нашых імяніннікаў – сястру Марыну і семінарыста Адама. Свечкі на кексіках тухлі некалькі разоў, але нам усё ж такі ўдалося даць шанц імяніннікам затушыць іх.

Абед таксама быў не вельмі звычайным, бо дождж толькі ўзмацніўся, нам прыйшлося хавацца ў сценах школы. У нашым распараджэнні быў, здаецца, увесь першы паверх. Адпачыць можна было ў класах, а ў спартзале раздавалі ежу. І там жа потым праходзіла канферэнцыя ксяндза Яўгена.

Сёння мы гаварылі аб чысціні: сексуальнай і чысціні ў прынцыпе (духу, думак і г.д.). Святар не раз падкрэсліваў, што чысціня да шлюбу мае велізарнае значэнне і трэба ўсімі сіламі старацца яе захаваць, бо кожная сексуальная сувязь пазбаўляе цябе кавалачку сябе, якім ты б мог адарыць таго чалавека, якога прызначыў табе Бог. Таксама важнай мне здалася думка, што чысціня – гэта дар ад Бога, і калі я гляджу на кагосьці з пажаднасцю, мне варта задумацца, як я малюся, у якіх адносінах я з Богам.

Зачапіла фраза, што чалавек – не яблык, каб яго пакаштаваць, і што, калі ствараеш сям’ю, адзінай мэтай павінна быць жаданне аддаць жыццё за гэтага чалавека, а не атрымаць штосьці ад яго.

Але, мабыць, самай любімай сваёй думкай з канферэнцыі я б назвала гэтую: “Каханне – гэта выбар, няхай ён і суправаджаецца эмоцыямі і пачуццямі. І да гэтага выбару трэба выспець”.

4den 2

Калі выйшлі з цёплай спартзалы на вуліцу, дзе па-ранейшаму ішоў дождж, але ў дадатак узмацніўся халодны вецер, было зябкавата. Аднак чым бліжэй мы былі да Радуні, тым святлей рабілася неба. У нейкі момант нам нават усміхнулася сонейка сваім цёплым промнем. І гэта дало пэўную надзею, бо ў Радуні ў нас было запланавана ўтульнае вогнішча з песнямі пад гітару.

Хутка ўмыўшыся і павячэраўшы ў сям’і, якая прымала нас ужо другі год запар, мы памчаліся назад да касцёла. Там ужо на ўсю моц ішлі танцы і палаў агонь. Кожны мог пасмажыць сабе каўбаску на вогнішчы. Пазней усе мы аб’ядналіся ў адно вялікае кола, каб разам паспяваць песні, радуючыся прысутнасці адзін аднаго. Вечар, нягледзячы на цяжкі дзень і непрадказальнае надвор’е, выпаў цудоўны. Таму, не зважаючы на прагноз надвор’я, засынаем мы поўныя надзеі на заўтрашні дзень і ў прадчуванні дароў, якія ад яго атрымаем…

6 ліпеня з Гродна выйшла пешая пілігрымка на ўрачыстасці ў дыяцэзіяльны санктуарый Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.

Маршрут: Гродна – Парэчча – Новы Двор – Забалаць – Радунь – Жырмуны – Тракелі.

Дэвіз паломніцтва – “Мы пілігрымы надзеі”.

Вікторыя Сідар