У межах дыяцэзіяльных адпустовых урачыстасцяў, якія пачаліся ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях 11 ліпеня, адбылася начная Імша пастэрка. Яе ўзначаліў старшыня каталіцкага епіскапату Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Канцэлебравалі літургію шматлікія святары ўсіх дыяцэзій Касцёла на Беларусі, сярод іх біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
Набажэнства традыцыйна пачалося працэсіяй. Удзельнікі неслі свечкі і копію абраза Маці Божай Тракельскай, спяваючы i молячыся Ружанец.
Перад пачаткам працэсіі да прысутных звярнуўся біскуп Уладзімір Гуляй, прывітаўшы іх на правах гаспадара святаў. “Ноччу людзі звычайна спяць, – сказаў ён, – а вы прыйшлі. Прыйшлі да Маці Божай, каб быць з Ёй, маліцца, спяваць, у цішыні сэрца слухаць, што скажа Пан. Ці ж гэта не цуд? І таму перш за ўсё скажу: дзякуй”.
Свечкі, якія нясуць у працэсіі, іерарх назваў “сімвалам нашай веры, нашай малітвы, нашай дарогі”, а Імшу – “момантам, калі Хрыстус прыходзіць сюды, у Тракелі, каб дакрануцца да твайго сэрца, а запрашае Яго сюды Яго Маці, якая першая паверыла, што Бог блізка”. “Калі мы сёння выходзім з цемры з запаленымі свечкамі – гэта значыць, што верым: святло мацнейшае за цемру, за стому, за страх, за грах. І гэтае святло – сам Хрыстус, які глядзіць на нас праз Маці”, – дадаў біскуп.
“Позірк Маці Божай у тракельскім абразе кажа: “Я тут. Я з табою. Я ніколі цябе не пакіну”. Аддайце Ёй усё: боль, стомленасць, удзячнасць, пытанні, жаданні, – заахвоціў біскуп. – Няхай гэтая Імша запаліць у вас надзею, веру, любоў”.
Арцыбіскуп Станеўскі ў гаміліі падкрэсліў: “Сёння свету асабліва патрэбна надзея”. “І гэта наша місія, місія вызнаўцаў Хрыста – запальваць надзею ў свеце. Менавіта мы пакліканыя абвяшчаць уваскрослага Хрыста, які адзіны перамог смерць і даў нам магчымасць дасягнуць вечнага жыцця”, – заўважыў іерарх.
Ён адзначыў, што “надзея жывіцца любоўю, а крыніцай яе з’яўляецца міласэрнасць, таму невыпадкова ў гэты Юбілейны год мы звяртаем свае сэрцы да Марыі – Маці надзеі, Маці міласэрнасці”. “Мы жывём у той выключны час, калі чалавецтву вельмі неабходныя Божая міласэрнасць і малітва. Але не толькі гэта. Езус чакае ад сваіх дзяцей поўнага даверу”, – звярнуў увагу арцыбіскуп.
“Сучасны чалавек павінен быць міласэрным. Безумоўна, міласэрнасць не выключае справядлівасці, але яна моцна звязана з прабачэннем. Праявіць міласэрнасць да іншага чалавека – значыць прабачыць яму, асабліва калі ён пакрыўдзіў нас, зрабіў нешта дрэннае. Прабачэнне, хоць і каштуе дорага, вартае любой цаны. Яно адкрывае новыя магчымасці. Мы павінны прабачаць бясконца, бо нам самім вельмі патрэбна прабачэнне. Вось чаму пасля свайго ўваскрасення Езус устанавіў сакрамэнт паяднання як першы дар для вернікаў”, – сказаў іерарх.
Таксама ён звярнуўся да тых, хто прыбыў у Тракелі ў пілігрымках:
“Дарагая моладзь! Як жа мы, дарослыя, радуемся, што вы рушылі ў пілігрымку, не пабаяліся паспрабаваць стаць пілігрымамі надзеі, нягледзячы на цяжкасці гэтага шляху.
Дарагія вернікі, якія прыбылі ўсёю сям’ёю да Каралевы нашых сем’яў, Mаці Божай Тракельскай! Беражыце, бараніце і стварайце праўдзівыя хрысціянскія сем’і, дзе мама і тата радуюцца кожнаму новаму жыццю.
Хачу асабліва прывітаць старэйшых вернікаў, ветэранаў пілігрымак, якія ўсе гэтыя гады былі нястомнымі пілігрымамі веры і прыкладам для нашай моладзі. Дзякуй вам, што і сёння знаходзіце сілы, каб вырушыць у пілігрымку, прайсці хоць кароткую адлегласць, памаліцца за Касцёл, за святароў, за сем’і, за нашу краіну.
Хочацца падзякаваць нашым дзеткам, якія ажыўляюць нашу надзею на будучыню Касцёла. Мы вельмі спадзяемся, што гэтыя маленькія пілігрымы будуць вернымі Хрысту і Касцёлу, кожны год будуць ахвотна прыязджаць і прыходзіць да нашай Нябеснай Матулі”.
Арцыбіскуп заахвоціў “даручыць Богу праз заступніцтва Маці надзеі наш Касцёл, нашыя сем’і, наш народ, каб мы жылі ў згодзе, радасці і дастатку тут і заслужылі вечнае шчасце ў небе”.
На Імшы асаблівым чынам маліліся за ўсе беларускія сем’і, аб тым, каб у кожным доме валадарылі Езус Хрыстус і Яго Маці і каб хрысціянскія каштоўнасці перадаваліся наступным пакаленням. Таксама маліліся аб новых пакліканнях да служэння ў Касцёле і аб міры ва ўсім свеце.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі