Skip to main content

Дзённік удзельніка пілігрымкі Іўеўскага дэканату ў Тракелі: “Дзень, якога чакалі цэлы год”

iue trok 6

Дзень першы. Лаздуны – Дуды – Іўе

Вось той дзень, якога кожны з нас чакаў цэлы год! Сёння мы распачалі доўгачаканую 28-ю пешую пілігрымку Іўеўскага дэканату да Маці Божай Тракельскай.

Сённяшні дзень быў для 90 пілігрымаў вельмі насычаным. Мы распачалі яго Эўхарыстыяй у вельмі прыгожым касцёле святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша ў Лаздунах. Узначаліў Імшу дэкан Іўеўскага дэканату кс. канонік Віктар Субель, на ёй сабраліся прадстаўнікі розных парафій дэканату разам са сваімі душпастырамі. Прывітаўшы пілігрымаў, святар у гаміліі засяродзіў увагу на тым, які сэнс мае пілігрымка, хто такі пілігрым надзеі. Пасля Імшы нас благаславіў у добры шлях кс. Артур Валчкевіч, а дырэктар пілігрымкі кс. Андрэй Каўшук уручыў кожнаму з прысутных святароў “пропуск” у яе – бэйдж і аранжавую хустачку.

Пасля Імшы мы вырушылі да Маці. Па дарозе нас сустрэў дожджык, але мы не павярнулі назад, а, наадварот, мелі нагоду ісці хутчэй. Не заўважылі, як праляцеў час і мы ўжо былі ў вёсцы Лаздуны-2, дзе нас сустрэлі вельмі гасцінна. Пазней нас чакаў шлях праз прыгожы і “смачны” лес, а неўзабаве мы прыбылі ў Дуды. Там мы падсілкаваліся, адпачылі і паслухалі канферэнцыю, якую прамовіў Юрый Гапонік, заахвоціўшы нас не дапусціць памылак у нашым маладым узросце, а пазней вырушылі далей.

У другой палове дня нас таксама чакала канферэнцыя. Падчас сёлетняй пілігрымкі мы будзем разважаць над сімвалам веры. Дзякуючы ксяндзу Артуру сёння мы ўдасканалілі свае веды адносна веры ў Бога Айца. Пасля канферэнцыі было вельмі прыемна бачыць знак “ІЎЕ” – знак надзеі на адпачынак і на насычаны заўтрашні дзень.

9 ліпеня з Лаздун выйшла пешая пілігрымка Іўеўскага дэканату на ўрачыстасці ў дыяцэзіяльны санктуарый Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.

Маршрут: Лаздуны – Дуды – Іўе – Суботнікі – Геранёны – Тракелі.

Раман Буднік