29 чэрвеня са Смаргоні на ўрачыстасці ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай выйшла Салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка. Яна праходзіць у 24-ы раз, сёлета яе тэма сугучная з тэмай Юбілейнага 2025 года і дэвізам салезіянскай сям’і – “Замацаваныя ў надзеі. Пілігрымы разам з моладдзю”.
Як паведамляе sdb.by, у ходзе пілігрымкі “моладзь пад кіраўніцтвам святароў, законных сясцёр і аніматараў будзе раскрываць для сябе змест дэвізу, яго прыгажосць і любоў, якая ў ім захавана”, а акрамя таго пілігрымы ў межах аспекту евангелізацыі ў гэтым годзе будуць распавядаць людзям, якіх сустрэнуць, пра вартасць аховы навакольнага асяроддзя.
Пілігрымка працягваецца шэсць дзён.
Па традыцыі яна распачалася святой Імшой, якую ўзначаліў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Павел Шчарбіцкі SDB. У казанні ён разважаў над постацямі апосталаў Пятра і Паўла, урачыстасць якіх святкавалася ў гэты дзень.
Ксёндз Павел адзначыў, што, нягледзячы на чалавечую неідэальнасць гэтых двух святых, Езус пабудаваў Касцёл менавіта на іх, і што “так і ў нашым жыцці: у нас ёсць недахопы, складанасці, цяжкасці, у гісторыі нашай сям’і могуць быць непрыгожыя старонкі, але гэта не павінна станавіцца ўмовай пагаршэння нашых адносін з Богам”.
Святар заўважыў, што “ў жыццё Пятра Езус прыходзіць, калі той стаіць у роспачы каля пустых сетак”, што “пасля сустрэчы з Езусам у яго не было ўсё ідэальна, было шмат памылак, але ўсё можна было перамагчы дзякуючы любові”, і што “Пётр не быў упэўненым да апошняга, але ў канцы жыцця прыняў мучаніцкую смерць”. Пра апостала Паўла святар сказаў, што той “моцна адрозніваецца ад Пятра, бо не меў непасрэднага кантакту з Езусам, але змяняе сваё жыццё кардынальна – ад ганіцеля да апостала”. “У жыцці мы стараемся схаваць свае падзенні, бо саромеемся іх, але прыклад Паўла паказвае, што не заўсёды гэтыя падзенні з’яўляюцца нечым дрэнным, а могуць стаць штуршком, каб перамяніць сваё жыццё”, – адзначыў рэгіянальны настаяцель салезіянаў і пажадаў, “каб святыя Пётр і Павел сталі для нас падбадзёрваннем, пацвярджэннем таго, што, нягледзячы на складанасці і недасканаласці, магчыма змяніць сваё жыццё на лепшае”.