24 чэрвеня парафія ў Воўпе (Мастоўскі дэканат) адзначыла адпустовую ўрачыстасць у гонар свайго галоўнага нябеснага апекуна – святога Яна Хрысціцеля.
Адметнасцю сёлетняй урачыстасці было тое, што парафія святкавала 250-годдзе з часу свайго заснавання і 390-годдзе з часу пабудовы галоўнага алтара касцёла. Старадаўні алтар выкананы ў стылі ранняга барока невядомымі майстрамі з фундацыі Казіміра Сапегі. На яго першым узроўні паміж чатырма калонамі знаходзіцца абраз Укрыжавання ў атачэнні фігур Яна Хрысціцеля і святога Казіміра – нябеснага апекуна фундатара. Унутраныя калоны ўпрыгожаны пазалочанай разьбой у форме вінаграднай галіны, над імі знаходзяцца фігуры святых Альжбеты Венгерскай і Малгажаты.
Адпустовую Імшу ў гістарычнай святыні ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, прысутнічала шмат парафіян і гасцей.
У гаміліі біскуп назваў урачыстасць Нараджэння Яна Хрысціцеля “надзвычай красамоўнай і багатай па змесце”. “Пан паклікаў яго, каб ён перавёў нас са Старога ў Новы Запавет, непасрэдна апярэдзіў Месію, на свае вочы ўбачыў Таго, каго абвяшчаў, выразна ўказаў на Яго прыкладам і сведчаннем свайго жыцця”, – сказаў іерарх.
Разважаючы над словамі псальма, які спяваўся на Імшы, “Пане, Ты выпрабаваў мяне і пазнаў”, біскуп патлумачыў: “Бог ведае кожнага з нас лепш, чым мы самі, таму што стварыў нас. Тое, што Ён ведае нас, значыць, што Ён надае сэнс нашаму жыццю, ведае наш шлях, ведае, як мы можам дасягнуць шчасця і выканаць Яго волю. Гэта ўсяляе ў нас вялікі спакой, вызваляе ад страху за сябе”.
Біскуп адзначыў, што нараджэнне Яна Хрысціцеля – “апошняга з прарокаў, які ўказаў на Збаўцу”, – было вялікім благаслаўленнем Бога для бацькоў Яна і для Касцёла. Іерарх нагадаў, што ў традыцыі заходняга хрысціянства гэтаму святому даецца прозвішча Хрысціцель у памяць пра хрост Езуса і момант, калі Ян указаў на Яго як на Месію, а на Усходзе ён мае тытул prodromos – Папярэднік. “Гэта паўней тлумачыць яго місію. Ён ішоў як вястун прыйсця Пана, aле і як той, хто верны місіі прарокаў, хто прыгадвае Божы закон”, – заўважыў біскуп.
Ён прапанаваў успомніць, якім быў Ян Хрысціцель, і падумаць, ці патрэбныя сёння такія людзі і якім павінен быць чалавек такога маштабу – чалавек маральнага аўтарытэту. Па словах біскупа, гэта павінен быць “чалавек з чыстым мінулым, значыць з чыстым сэрцам і чыстымі рукамі, настолькі, каб мог адкрыць сваё жыццё перад людзьмі”; ён павінен “любіць праўду і будаваць сваё жыццё выключна на яе аснове”; “мець вялікія патрабаванні да сябе і іншых, прычым патрабаванні гэтыя мусяць быць рэальныя і мудрыя”; “быць бескарыслівым, бо найменшы след карыслівасці, выконванне якойсьці справы за грошы ці дзеля здабыцця ўласнай перамогі перакрэслівае маральны аўтарытэт”; “умець любіць кожнага”, бо “калі гэтай любові будзе недастаткова, ён замест таго, каб яднаць, будзе падзяляць, а тады яго маральны аўтарытэт упадзе”; быць адважным, а таксама “сумленным, не зважаючы на наступствы, і гэта, бадай, найцяжэйшая функцыя чалавека вялікага маральнага аўтарытэту”.
Пералічыўшы гэтыя рысы, біскуп сказаў: “Толькі на такіх людзях можна будаваць цудоўную сям’ю, добрую школу, узорны шпіталь, навучальную ўстанову, працоўнае месца і парадак на вуліцы. Маральнага зла ніколі нельга перамагчы сілай. Яго можна перамагчы толькі дабром і любоўю”.
Ён адзначыў, што Ян Хрысціцель “заклікае ўказваць на Езуса сваім жыццём”, “заклікае палюбіць праўду, бескарыслівасць, заклікае любіць кожнага чалавека, заклікае да мудрай адвагі”. “Хто з нас не хацеў бы мець гэтыя рысы? Будзем жа вучыцца ад Яна быць прарокамі ў нашых сем’ях, на месцах працы, у грамадскіх задачах, якія выконваем. Будзем вучыцца, каб, як ён, заслужыць імя prodromos – папярэднікі, якія вядуць да Езуса, як рабіў гэта апякун сённяшняга дня. Бо ў гэтым сутнасць хрысціянства – сябе і іншых весці да Езуса”, – сказаў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.
Пробашч кс. Алег Яновіч у канцы Імшы падзякаваў біскупу за цэлебрацыю, а парафіянам і гасцям – за супольную малітву.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі