Skip to main content

“Ісці наперад, каб абвяшчаць свету Хрыста”: Агульнабеларускія дні моладзі ў Гродне завяршыў “пераход праз браму надзеі”

adm3 22

22 чэрвеня ў Гродне скончыліся Агульнабеларускія дні моладзі, якія праходзілі ў парафіi Найсвяцейшага Адкупіцеля. Іх завяршэннем сталі Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, і сімвалічны “пераход праз браму надзеі”.

У пачатку Імшы біскуп Гродзенскі сказаў: “Дзякуем Богу за новыя знаёмствы, за кожную малітву, кожную хвіліну сумеснай радасці і ўзаемнай падтрымкі, якія суправаджалі нас на працягу гэтых дзён. За дар адзінства, за адкрытыя сэрцы, якія шукалі Бога, імкнуліся да Яго прысутнасці ў нашым жыцці. За кожнага ўдзельніка, кожную ўсмешку, размову, катэхезу, адарацыю, якія прыводзілі да адкрыцця праўды пра нас і пра Бога”.

Іерарх дадаў, што моліцца на гэтай літургіі за ўдзельнікаў сустрэчы, каб яны “насілі ў сэрцах надзею, якая сыходзіць ад Хрыста”, “прабывалі ў веры, любові, братэрстве, міры”, “былі адкрыты на Божае кіраўніцтва”. Паколькі 22 чэрвеня – Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, біскуп заклікаў памаліцца “за ўсіх, хто аддаў жыццё за свабоду, мір і справядлівасць”, а таксама “аб міры ў свеце, прымірэнні народаў, заканчэнні ўсіх войнаў і канфліктаў”.

adm3 19

Гамілію прамовіў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. Ён адзначыў, што літургічныя чытанні гэтага дня “дапамагаюць узрастаць у надзеі, якая ў Хрысце”.

Звяртаючы ўвагу на фрагмент Евангелля, які паказвае вызнанне веры апостала Пятра ў Езуса як Сына Бога, арцыбіскуп патлумачыў: “Хаця за Езусам ішлі натоўпы, яны лічылі Яго не Богам, а адным з прарокаў. І толькі Пётр, вызнаючы веру ў Яго як у доўгачаканага Месію, узняўся над узроўнем успрыняцця натоўпу”.

Іерарх дадаў, што “хрысціяне не могуць дазволіць, каб меркаванне натоўпу стала голасам іх сумлення”, і “павінны прыступіць да гэтай задачы з надзеяй”.

“Юбілейны 2025 год – час ласкі, якая праяўляецца ў надзеі. Яе крыніца – бязмежная любоў Сэрца Езуса. Яна напаўняе нашае жыццё боскім святлом і вядзе да вечнага шчасця, – сказаў арцыбіскуп. – Юбілей – спрыяльны час аднавіць адносіны з Богам, адзін з адным і з усім стварэннем, каб перазагрузіць наша духоўнае жыццё. Ён павінен стаць часам асабістай сустрэчы з Езусам, каб зрабіць нас знакамі надзеі ў Касцёле і грамадстве”.

Па словах іерарха, “Езус са сваім евангельскім радыкалізмам, на жаль, далёка не заўсёды ў цэнтры жыцця сучаснага чалавека”. Ён адзначыў, што “ў часы, калі хрысціяне стаяць перад выклікамі секулярызацыі, часы дэмаграфічнага крызісу і адыходу ад веры, асабліва ўразлівай становіцца моладзь”.

Іерарх заўважыў, што галоўнымі выхаваўцамі моладзі робяцца “не сям’я, школа ці ўніверсітэт, а Інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, штучны інтэлект”. Ён дадаў, што трэба прызнаць як іх карысць, так і тое, што “іх неэтычнае выкарыстанне вядзе да згубных наступстваў, асабліва ў галіне маральнага жыцця”.

Арцыбіскуп нагадаў: “Папа Леў XIV падкрэслівае, што развіццю моладзі пагражаюць ізаляцыя, выкліканая сучаснымі мадэлямі павярхоўных, індывідуалістычных і эмацыйна нестабільных адносін, распаўсюджванне спосабаў мыслення, аслабленых маральным рэлятывізмам, і лад жыцця, у якім не хапае месца для слухання, роздуму і дыялогу”. Іерарх адзначыў, што сёння “лёгка заблукаць, згубіць арыенцір і надзею”, і дадаў: “Год надзеі заклікае пераасэнсаваць наша жыццё, паяднацца з Богам, Касцёлам і людзьмі”.

Па словах арцыбіскупа, у хрысціянскай традыцыі надзею сімвалічна прадстаўляе якар – “ён ратуе карабель у шторм, і так надзея ратуе сярод амаральных хваляў сучаснасці і страхам перад невядомай будучыняй”. “Надзея – гэта не наіўнае спадзяванне на лепшае, а ўпэўненасць, што Бог не пакідае нас і дапамагае нам, – патлумачыў іерарх. – Надзея, якую дае Езус, непадуладная часу і ўмовам”.

Ён назваў важным “вызваліцца ад свецкай духоўнасці, якая зводзіць сэнс жыцця да задавальнення цялесных патрэбаў, жаданняў і грахоўных памкненняў, што вядзе да эгаізму і інструментальнага абыходжання з іншымі і з Богам”. Таксама іерарх заўважыў, што “ў часы выпрабавання духоўнай цемрай” дарэчы ўзгадаць словы тэолага Рамано Гвардзіні: “Калі надыходзіць цемра, на пытанне: “Пане, дзе Ты?” чуецца адказ: “Бліжэй, чым калі-небудзь”.

Арцыбіскуп заахвоціў моладзь “стаць якарам у моры сучасных выклікаў і компасам у жыццёвай пілігрымцы”, “не паддавацца выклікам секулярнага часу”, “не баяцца адчыніць Хрысту дзверы сваіх сэрцаў”. Таксама ён заклікаў не быць “маладымі пенсіянерамі” – “пакінуць гаджэты, устаць са зручнай канапы” і “ісці наперад, каб прыкладам хрысціянскага жыцця і энтузіязму абвяшчаць свету Хрыста – адзінага Збаўцу і адзіную нашу надзею”.

“Як Марыя несла Альжбеце пад сваім сэрцам Езуса і Ягоную ласку, нясіце гэтую ласку аднагодкам! Будзьце радасцю і надзеяй Беларусі!” – сказаў іерарх і пажадаў маладым людзям, каб на гэтым шляху іх благаслаўляў Бог.

У канцы Імшы біскуп Уладзімір Гуляй сказаў удзельнікам сустрэчы: “Дзякуй за вашу прысутнасць, радасць, малітву, сведчанне, запал веры, за вашыя маладыя сэрцы, якія прагнуць ісці за Хрыстом, за тое, што не саромеецеся Евангелля і маеце адвагу быць Яго вучнямі”. Падзяку іерарх выказаў таксама арганізатарам форуму, прысутным святарам, катэхетам, валанцёрам, мясцовым жыхарам, у якіх на час Дзён моладзі размяшчаліся ўдзельнікі.

adm3 24

“Будзьце сапраўднымі пілігрымамі і місіянерамі надзеі, – заклікаў біскуп моладзь. – Свету сёння асабліва патрэбна святло, якое вы несяце. Ён чакае маладых, якія не толькі шукаюць сэнсу жыцця, але і становяцца сведкамі гэтага сэнсу – праз малітву, любоў, служэнне і вернасць. Нясіце надзею туды, дзе пануе роспач. Нясіце Хрыста туды, дзе людзі забыліся пра Бога. Нясіце святло Евангелля туды, дзе цемра граху і абыякавасці”.

Іерарх запэўніў удзельнікаў, што Гродна заўсёды чакае іх, і загадзя запрасіў на наступныя сустрэчы.

Затым маладыя людзі здзейснілі сімвалічны “пераход праз браму надзеі”. Запрашаючы іх да гэтага, біскуп Гродзенскі адзначыў, што гэта робіцца “не проста дзеля жэсту”. “Пераходзячы праз гэтую браму, мы нібы гаворым Богу: “Вось я. Пашлі мяне. Я хачу несці надзею. Я хачу быць Тваім святлом у цемры гэтага свету”.

Перайдзіце праз яе з адкрытым сэрцам! І памятайце: сапраўдная Брама надзеі – Езус Хрыстус”, – сказаў біскуп.

Ён запэўніў моладзь у сваёй малітве, дадаўшы: “Маё сэрца, жыццё і служэнне належаць Богу, які жыве ў вашых сэрцах! Таму нашы сэрцы з’яднаныя, і гэта яшчэ адзін цуд, які здзейсніў Бог у гэтыя цудоўныя дні!”

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі