Skip to main content

“Езус ідзе з вамі”: у Гродне стартавалі Агульнабеларускія дні моладзі

adm start 15

20 чэрвеня ў парафіi Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне пачаліся Агульнабеларускія дні моладзі.

Дэвіз форуму – “Мы – пілігрымы надзеі”, ён сугучны з дэвізам Юбілейнага 2025 года – “Пілігрымы надзеі”.

На сустрэчу прыбыло каля 600 маладых людзей з усіх дыяцэзій Касцёла на Беларусі, большая частка з Гродзенскай.

Ад імя ўсёй супольнасці мясцовага Касцёла ўдзельнікаў прывітаў у парафіяльнай святыні біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, старшыня Камісіі па справах моладзі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Ён сказаў, што вельмі крануты прысутнасцю маладых людзей з розных куткоў краіны.

adm start 13

“Кожны і кожная з вас – знак таго, што Касцёл жыве, што ён у дарозе, што ён шукае, давярае і… любіць”, – дадаў іерарх.

Біскуп нагадаў пра дэвіз Юбілейнага года, прапанаваны спачылым Папам Францішкам, і адзначыў: “Менавіта ў гэтым духу мы тут збіраемся. Не як турысты, не як выпадковая група людзей, а як пілігрымы – значыць тыя, хто ідзе разам і ведае, куды ідзе”.

Іерарх падкрэсліў: “Маладосць – час не застою, а дарогі, не пасіўнае чаканне, а актыўны пошук. І гэтая дарога мае імя: Езус, які сёння нас запрасіў у Гродна”.

Па словах біскупа, Папа Францішак неаднойчы нагадваў моладзі, што яна не будучыня Касцёла, а сучаснасць, “заклікаў мець адвагу марыць, любіць, ісці супраць плыні, адважна шукаючы Бога і сэнс жыцця”.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што гэтае мерапрыемства трэба разумець як запрашэнне да сустрэчы з Богам, бліжнім і самім сабой: “Мы прыехалі сюды не толькі дзеля праграмы, забаваў ці супольнага спеву. Мы прыехалі, каб пачуць голас Бога, які кажа кожнаму з нас: “Ты – Маё дзіця. Я люблю цябе. Ідзі і скажы аб гэтай праўдзе кожнаму, каго спаткаеш на сваім шляху!”

Біскуп заахвоціў “радавацца ўдзелу” ў гэтай сустрэчы і “адкрыцца адзін на аднаго”. “Прашу вас, маладыя пілігрымы надзеі: не бойцеся быць сабой! Не бойцеся пытацца, шукаць, сумнявацца – а таксама не бойцеся верыць! Не бойцеся Езуса! Ён ідзе з вамі!” – сказаў іерарх і пажадаў, каб Дні моладзі сталі для прысутных “часам ласкі, крыніцай новай адвагі і новай надзеі”.

Для ўдзельнікаў падрыхтавана насычаная праграма. Цэнтральнай падзеяй кожнага дня будзе святая Імша, якую будуць цэлебраваць беларускія біскупы. Таксама запланаваны адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, канцэрты праслаўлення, сведчанні, катэхезы, якія будуць праводзіць святары і законныя сёстры ў дзевяці тэматычных групах, прэзентацыя моладзі ўсіх дыяцэзій Касцёла на Беларусі і Апостальскай адміністратуры для грэка-католікаў, размова з біскупамі.

Сустрэча скончыцца ў нядзелю 22 чэрвеня ўрачыстай Імшой, пасля якой адбудуцца сімвалічны “пераход праз браму надзеі” i рассыланне моладзі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі