7 чэрвеня ў касцёле св. Яўхіма ў Клюшчанах (Астравецкі дэканат) па традыцыі маліліся за кс. Канстанціна Стаповіча – паэта, драматурга, філосафа, вядомага таксама пад псеўданімам “Казімір Сваяк”.
Пра гэта паведамляюць так: “6 мая 1926 года перастала біцца сэрца нашага земляка, які моцна любіў сваю родную старонку, сваіх суайчыннікаў і клюшчанскі касцёл, у якім быў ахрышчаны і дзе некаторы шчаслівы час служыў. Вось гэта нагода і сабрала тых, хто шануе яго імя, цэніць яго творчасць, паважае яго памяць”.
У касцёле адбылася святая Імша ў інтэнцыі ксяндза Канстанціна, якую канцэлебравалі пробашч клюшчанскай парафіі кс. Анатоль Захарэўскі, пробашч парафіі ў Камаях кс. Яцэк Хутман і пробашч парафіі ў Астраўцы кс. Юрый Кузьміч. Пасля літургіі наведалі Барані – родную вёску спачылага, спыніліся ля дома-музея братоў Стаповічаў, каб, па словах удзельнікаў, “прайсці па зямлі, якая помніць кожны крок гэтага незвычайнага чалавека, пастаяць на падворку яго роднага дома, падыхаць паветрам, якое, як гаючы бальзам, ачышчала яго думкі і насычала душу натхненнем”.
Потым выступоўцы прачыталі вершы Казіміра Сваяка, падзяліліся ўражаннямі ад знаёмства з яго творчасцю і жыццёвым шляхам. Ганаровы госць сустрэчы, беларускі жывапісец Эдуард Мацюшонак, прадставіў напісаны ім партрэт Казіміра Сваяка. Ён распавёў, як узнікла ідэя напісання партрэта: вывучаючы і творча пераасэнсоўваючы Язэпа Драздовіча, ён пазнаёміўся з асобай і творчасцю Казіміра Сваяка, натхняўся яго выявамі. “На наш, гледачоў, погляд, партрэт атрымаўся вельмі светлы і сонечны, прыцягваў увагу, саграваў і ачышчаў нейкім унутраным святлом, – паведамляюць прысутныя. – Вобраз пазачасовы. Вельмі цікавая кампазіцыя: святар пададзены як абаронца людзей, чалавечае жыццё ўнізе, святар – пасярэднік паміж Богам і людзьмі, пад яго рукой людзі жывуць і працуюць, а ён іх благаслаўляе і бароніць”.
Таксама на сустрэчы прагучалі песні, напісаныя на вершы Казіміра Сваяка кампазітарам і выканаўцам Максімам Іўкіным, якога яго творчасць даўно натхняе на напісанне твораў на яго вершы. “Максім ужо больш за дзесяць гадоў з’яўляецца ўдзельнікам нашага “Хаўрусу”, на нашых святах ён заўсёды жаданы і чаканы госць”, – паведамляюць нам.
Дэлегацыя з Камаяў на сустрэчы чытала вершы, выконвала духоўныя песні, аздабляла спевам Імшу. Генавефа Дубіловіч, якая ўзначальвала дэлегацыю, сказала: “Сёлета мы адзначаем 135 гадоў з дня нараджэння Казіміра Сваяка, святара Канстанціна Стаповіча, 110 з пачатку яго святарскай дзейнасці, 99 з дня смерці. Памёр маладым, усяго ў 36 гадоў. Канешне ж, хацелася жыць, любіць, тварыць. Здаецца, словы вядомай песні “Знаешь, так хочется жить” як бы выходзяць з вуснаў самога святара. “І калі жыццё на зыходзе, устаць і ўсім аб’явіць: я вярнуся, мой любы народзе”. І вось ён вярнуўся праз 80 гадоў пасля сваёй смерці, вярнуўся ў сустрэчах абноўленага “Хаўрусу”, які сам і стварыў у час свайго жыцця і дзейнасці. Вярнуўся дзякуючы сваім братам-святарам новага пакалення – ксяндзам Яцэку і Анатолю, сваячцы ў прамым сэнсе слова Іаланце Валуевіч. І вось ужо дваццаць гадоў жыве ў нашых парафіях, у сустрэчах творчых і неабыякавых людзей. І хай жыве памяць аб тых, хто прысвяціў сваё жыццё служэнню Богу і людзям, да ліку каго належыць і Казімір Сваяк”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі