Skip to main content

У Каменцы памаліліся за с. Цэцылію Абухоўскую ў першую гадавіну смерці

kamenka 145 чэрвеня ў парафіі св. Антонія Падуанскага і Аб’яўлення Пана ў Каменцы (Шчучынскі дэканат) адбылася святая Імша ў інтэнцыі былой генеральнай настаяцельніцы Інстытута Сясцёр Маці Міласэрнасці с. Цэцыліі Абухоўскай з нагоды першай гадавіны яе смерці.

На літургіі маліліся аб вечным жыцці для спачылай. Цэлебрацыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, у ёй удзельнічалі біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, іншыя святары, законныя сёстры манаскай супольнасці, да якой належала спачылая, свецкія вернікі.

У гаміліі біскуп Гродзенскі адзначыў, што сястра Цэцылія шмат гадоў была арганісткай і катэхеткай гэтай парафіі і, “перш за ўсё, пакорнай слугой міласэрнага Бога”.

Ён дадаў, што “яе духоўны вобраз выдатна адлюстроўваюць словы псальма: “Служыце Пану з радасцю” (Пс 100, 2). “Калі я чуў аповеды пра сястру Цэцылію, то разумеў, што яна не проста грала на аргане – яна была душой літургіі, голасам малітвы, які праз музыку ўзносіўся да неба. Гукі, што сыходзілі з-пад яе пальцаў, былі не проста нотамі – яны былі малітвай, – сказаў іерарх. – Яна ведала вартасць музыкі і з радасцю служыла літургіі. А праз гэта служыла і нам усім. Яе сціплая штодзённая прысутнасць была жывым напамінам пра тое, што кожны дар – нават калі ён здаецца звычайным – можа стаць прыладай Божай ласкі і асвячэння”.

Таксама біскуп адзначыў, што спачылая мела “глыбокую сувязь з таямніцай Божай Міласэрнасці” і што яна, “належачы да Кангрэгацыі Сясцёр Маці Міласэрнасці, была духоўнай спадкаемцай вялікай праўды пра тое, што Бог багаты на міласэрнасць”. “Кожны з нас па яе прыкладзе пакліканы стаць прыладай Божай Міласэрнасці”, – дадаў іерарх.

kamenka 12

Ён выказаў думку, што “законныя сёстры – жывы напамін пра Евангелле; іх малітва, ціхае прысвячэнне, служэнне хворым, бедным, дзецям, моладзі, пажылым людзям – гэта канкрэтнае здзяйсненне словаў Езуса: “Усё, што зрабілі аднаму з Маіх братоў найменшых – Мне зрабілі”.

Па словах біскупа, жыццё сястры Цэцыліі вучыць “вернасці ў малым і вялікім, вернасці малітве, супольнасці, Касцёлу”, “любові да Бога, асабліва праз набажэнства да Божай Міласэрнасці, і любові да людзей – ціхай, пакорнай, цярплівай”, “даверу, які не згасае нават у цемры і пакутах”, “спакою, які зыходзіць з жыцця, цалкам прысвечанага Богу”. “Няхай яе жыццё будзе для нас не толькі ўспамінам, але і заклікам – да малітвы, да міласэрнасці, да ахвяры”, – пажадаў іерарх.

Сястра Цэцылія нарадзілася ў 1927 г. у Новай Рудзе. У 1950 г. прынесла манаскія абяцанні ў Інстытуце Сясцёр Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай). У тыя часы ганенняў на Касцёл яе манаскі стан быў таемным. Яна апекавалася людзьмі, якія знаходзіліся ў патрэбе, з 1959 г. была арганісткай у парафіі ў Крамяніцы (Ваўкавыскі дэканат), з 1969 г. – арганісткай і катэхеткай у парафіі ў Каменцы. Адыграла ключавую ролю ў захаванні ад знішчэння абраза Езуса Міласэрнага, напісанага Яўгенам Казіміроўскім па эскізе святой Фаўстыны Кавальскай. Абраз з 1956 г. знаходзіўся ў касцёле ў Новай Рудзе, і калі савецкія ўлады вырашылі ператварыць касцёл у склад, сястра Цэцылія вывезла абраз у Вільню.

На працягу 25 гадоў выконвала абавязкі генеральнай настаяцельніцы сваёй манаскай супольнасці. Адышла ў вечнасць у Доме міласэрнасці ў Каменцы 3 чэрвеня 2024 г.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі