Skip to main content

Канфірмацыя адбылася ў смаргонскай парафіі св. Яна Паўла ІІ

bezmowanie smorgon 111 чэрвеня біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў парафіі св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні.

Сакрамэнт быў удзелены на святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп. Літургія цэлебравалася каля парафіяльнага касцёла, які знаходзіцца ў стане будаўніцтва. Да канфірмацыі прыступілі маладыя і старэйшыя вернікі – у агульнай колькасці 52 чалавекі.

У гаміліі біскуп сказаў, што канфірмацыя – “не проста рытуал, гэта моц Божая, якая прыходзіць да вас, каб зрабіць сведкамі веры ў сучасным свеце”. “Праз гэты сакрамэнт Дух Святы прыходзіць, каб даць сілу жыць, як сапраўдныя хрысціяне, – дадаў ён. – Свет скажа вам: “Жыві як хочаш, ніхто табе не суддзя”. Але Дух Святы скажа: “Жыві так, каб твой шлях быў святлом для іншых, каб ты быў чалавекам праўды, справядлівасці і любові”.

bezmowanie smorgon 5

Нагадаўшы, што чэрвень у Касцёле прысвечаны Сэрцу Езуса, іерарх адзначыў: “Чэрвеньскае набажэнства да Сэрца Езуса – не проста традыцыя, гэта школа любові. Сэрца Езуса любіць кожнага з нас да канца. Гэта Сэрца, якое прабілі на крыжы – і якое ўсё яшчэ адкрытае, каб прымаць кожнага чалавека, нават самага слабога”. Па словах біскупа, “любоў Хрыста ахвярная, верная, трывалая”, “у Яго Сэрцы няма крыўды, нянавісці, абыякавасці, толькі місія – ратаваць чалавека”. “У свеце слова “любоў” часта азначае проста пачуцці або эмоцыі. Хрыстус жа вучыць нас, што любоў – гэта выбар, вернасць, служэнне”, – сказаў іерарх.

Нагадваючы, што Юбілейны 2025 год праходзіць у Касцёле пад дэвізам “Пілігрымы надзеі”, біскуп патлумачыў, што такое надзея: па яго словах, “гэта не аптымізм і не ілюзія, гэта ўпэўненасць, што Бог не пакінуў чалавека, гэта моц верыць у святло, нават калі вакол цемра”. Звяртаючыся ў прыватнасці да маладых парафіян, ён сказаў: “У свеце, поўным няпэўнасці, вы, маладыя сябры, можаце стаць знакам надзеі. Не праз словы, а праз жыццё: калі захоўваеце вернасць, калі моліцеся, калі дапамагаеце слабейшым, калі не хаваеце сваёй веры”. “Вы – пілігрымы. Не турысты. Турыст шукае зручнасці. Пілігрым шукае сэнсу. Пілігрым ідзе да Бога – праз жыццё, праз малітву, праз служэнне”, – дадаў пастыр Гродзенскай дыяцэзіі.

“Не бойцеся маліцца, ісці ў супольнасць, вызнаваць сваю веру адкрыта, дапамагаць іншым. Станьце пакаленнем надзеі, новым сэрцам Касцёла, святлом у цемры”, – заахвоціў біскуп канфірмаваных.

У канцы Імшы пробашч кс. Яўген Учкуроніс падзякаваў біскупу за першае наведванне гэтай парафіі, для якой яно, як паведамляюць нам, “з’яўляецца гістарычным”.

Паколькі 1 чэрвеня адзначаўся Міжнародны дзень абароны дзяцей, усе дзеці, якія прысутнічалі на літургіі, атрымалі марожанае.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі