Skip to main content

Супольнасць гродзенскага тэалагічнага каледжа здзейсніла пілігрымку ў Новую Руду

nowaja ruda 1У канцы навучальнага года супольнасць Тэалагічнага каледжа св. Казіміра ў Гродне здзейсніла пілігрымку ў вёску Новая Руда. Гэтая пілігрымка ўжо стала традыцыяй, адбываецца па запрашэнні а. Андрэя Шчупала CSsR – намесніка дырэктара каледжа па навуковай частцы, які шмат гадоў з’яўляецца пробашчам парафіі св. Юрыя ў Новай Рудзе.

Мэта пілігрымкі – духоўная і рэкрэацыйная. Абавязковымі яе пунктамі з’яўляюцца малітва Вяночка да Божай Міласэрнасці а 15-й гадзіне і супольная малітва на нядзельнай Імшы. Сёлета на Імшы разам з а. Андрэем Шчупалам прысутнічаў а. Андрэй Лабкоў CSsR з гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля.

Айцец Андрэй Шчупал кожны год у межах гэтай пілігрымкі знаёміць удзельнікаў з гісторыяй абраза Езуса Міласэрнага. Сёлета навучэнцы каледжа таксама маглі паслухаць канферэнцыю на тэму Божай міласэрнасці і гісторыі парафіі.

nowaja ruda 2

З каледжа паведамляюць, што “ўдзел у пілігрымцы з’яўляецца добрай магчымасцю для навучэнцаў пазнаёміцца бліжэй у нефармальнай абстаноўцы”, і называюць “адметным” тое, што рыхтуюць паездку таксама разам і навучэнцы, і адміністрацыя.

Чым адметная святыня ў вёсцы Новая Руда? Невялікі драўляны касцёл стаў месцам захавання ад знішчэння арыгіналу вядомага абраза Езуса Міласэрнага. Па просьбе сястры Фаўстыны Кавальскай намаляваў яго мастак Яўген Казіміроўскі ў 1934 г. У Новую Руду абраз трапіў у 1956 г. і знаходзіўся ў святыні да 1986 г. Выява, якая знаходзіцца ў касцёле сёння, была напісана з арыгінальнага абраза і змешчана ў раму, у якой быў той самы абраз Езуса Міласэрнага.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі