4 чэрвеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбылася сустрэча дзяцей з розных месцаў Гродзенскай дыяцэзіі, якія нядаўна прыступілі да Першай Камуніі. Сустрэча прайшла ў чацвёрты раз.
“Санктуарый заззяў асаблівым святлом, – такімі словамі паведамляюць пра гэта. – Некалькі соцень маленькіх пілігрымаў з адкрытымі, поўнымі веры сэрцамі, якія зусім нядаўна ўпершыню адчулі дотык Цела Хрыста, пілігрымавалі да Маці Божай, каб падзякаваць за неверагодны дар Эўхарыстыі”. Адзначаюць, што дзеці “на пачатку канікул прысвяцілі гэты час Панне Марыі, просячы Яе заўсёды стаяць побач з імі са сваім мацярынскім благаслаўленнем”.
“На касцёльным пляцы і ля касцёла здалёк быў чутны дзіцячы гоман. Дзеці ў святочных белых убраннях нагадвалі анёлаў. Гэта свята не толькі групы дзяцей, яно для ўсіх: сястры, якая рыхтавала дзяцей да Першай святой Камуніі; святара, які спавядаў дзяцей і рыхтаваў святочнае казанне; арганісткі, якая вучыла дзяцей спяваць; кожнай мамы і кожнага таты, кожнай бабулі і дзядулі”, – так нам апісваюць гэтую сустрэчу.
Свята пачалося інтэрактыўным заданнем для кожнай парафіі. Апоўдні на палявым алтары цэлебравалася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Дзеці з розных парафій актыўна ўдзельнічалі ў ёй: чыталі Божае слова, спявалі псальмы, неслі дары.
Пасля літургіі дзецям была прапанавана забаўляльная праграма: гульні, конкурсы, танцы. Госці мелі магчымасць падсілкавацца, зрабіць фотаздымкі, пагуляць па Марыйным садзе. У канцы святкавання быў зроблены агульны фотаздымак, біскуп Гродзенскі ўдзяліў прысутным благаслаўленне.
“Вялікі дзякуй смаргонскай супольнасці салезіянаў, сёстрам, салезіянскім супрацоўнікам, аніматарам і ўсім, хто далучыўся да падрыхтоўкі свята. Няхай такія сустрэчы перамяняюць ваша асабістае жыццё, жыццё вашых сем’яў і ўсёй нашай Бацькаўшчыны”, – кажуць удзельнікі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі