Skip to main content

Больш за 20 чалавек адзначылі ў гродзенскай семінарыі юбілей святарства

gadawina swiatary 183 чэрвеня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне больш за 20 чалавек адзначылі 25-годдзе з часу свайго прэзбітэрскага пасвячэння.

Як паведамляюць з семінарыі, гэта была “незвычайная і вельмі радасная падзея”. Яе студэнт Віталій Стасюкевіч кажа: “Семінарыстаў вельмі ўразіла, што той выпуск быў такі вялікі – больш за дваццаць чалавек. Для сённяшніх часоў гэта неверагодна вялікая колькасць. Яна ўмацавала надзею на будучае святарства. Езус заўсёды са сваім народам і можа паклікаць столькі, колькі Яму патрэбна. Пакліканым толькі трэба заставацца вернымі Яго пакліканню, як гэта робяць святары таго выпуску. Дваццаць пяць гадоў прабывання з Езусам – гэта цудоўны прыклад святарскага жыцця, які мы ўбачылі і які нас захапіў. Няхай будзе хвала і пашана нашаму Пану Езусу Хрысту!”

Сярод юбіляраў быў духоўны айцец семінарыі кс. Ян Сарэла, які арганізаваў гэтую сустрэчу.

gadawina swiatary 12

У межах святкавання цэлебравалася Імша падзякі, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. У цэлебрацыі ўдзельнічаў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч.

У пачатку літургіі біскуп Гродзенскі сказаў, звяртаючыся да юбіляраў: “Дзякуем за дваццаць пяць гадоў святарскай вернасці, за ўсе святыя Імшы, казанні, размовы, малітвы, слёзы, усмешкі і жэсты любові. Ваша жыццё – гэта не толькі біяграфія, гэта жывое Евангелле. Гэта знак для свету, што Бог не перастае клікаць. І што чалавек можа адказаць Яму “так” – не на момант, а на ўсё жыццё”.

У гаміліі біскуп засяродзіў увагу на першасвятарскай малітве Езуса Хрыста, прамоўленай якраз перад Яго мукай. “У гэтай малітве аб’яўляецца нешта глыбокае і прыгожае – Езус дае вучням не толькі праўду і любоў. Ён – як Найвышэйшы Святар – у гэтую гадзіну пакутаў і пакінутасці адкрыў найвялікшую надзею. Ён паказвае, што крыж – гэта не канец, а пачатак хвалы. А гэтая надзея ўпісана ў тоеснасць кожнага святара. Святарства нараджаецца з надзеі – не з чалавечай, павярхоўнай, а з той, што глядзіць далей за смерць, цемру і паразу, – адзначыў іерарх. – Таму сёння, у дзень вашага юбілею, хачу з усёй удзячнасцю сказаць: святар – гэта сведка надзеі”.

“Мы жывём у часы стомленасці. Стомленасці Касцёлам, стомленасці самім сабой, стомленасці светам. Сацыяльныя падзеі, спакусы, крызісы даверу, адыходы вернікаў – усё гэта не абмінае нас. І менавіта ў гэтым кантэксце Бог не перастае клікаць святароў. Чаму? Бо свету патрэбны не ідэальныя людзі, а толькі сведкі надзеі”, – заўважыў іерарх.

Біскуп дадаў, што святар не з’яўляецца знакамітасцю, не з’яўляецца таксама мэнэджарам, а з’яўляецца “тым, хто бачыць далей – бачыць вачыма Бога”, “тым, хто не кажа: “усё будзе добра”, а кажа: “Бог ужо па той бок таго, што баліць сёння”.

Па словах біскупа, “святарства без малітвы памірае, а з малітвы нараджаецца ўнутраная сіла, каб несці надзею, калі свет бачыць толькі роспач”, “святарства без малітвы – гэта толькі прафесія”. Таксама ён адзначыў, што для святара важнае не толькі служэнне, але і адносіны з Богам: “Наша першая задача – быць перад Богам, быць у Богу, а не толькі рабіць нешта дзеля Яго. Таму юбілей дваццаціпяцігоддзя – гэта таксама час пытання: ці не забыўся я, што найперш павінен быць з Хрыстом, перш чым стаць перад людзьмі?”

Біскуп сказаў, што святарскае служэнне “мае вымярэнне вечнасці”: “Адно адпушчэнне грахоў – гэта цэлая вечнасць, што змянілася. Адна Эўхарыстыя – гэта цэлае неба, што адкрылася”. Акрамя таго, ён нагадаў: “Мы, святары, не для таго, каб выпраўляць людзей, а каб іх любіць, даць ім адчуць, што яны любімыя Богам”.

“Святар павінен быць знакам адзінства, а не падзелу. Не палітыкам, не актывістам, не каментатарам, а пастырам. Святар, які любіць Касцёл такім, які ён ёсць, з яго ранамі, становіцца знакам надзеі. Бо Касцёл не дасканалы, але належыць Богу і Ён яго не пакіне.

Папа Францішак нагадваў нам, што “святар мае раны, як Хрыстус, але гэта раны, якія нясуць жыццё”. Святар, які перажыў цяжкасці, можа несці суцяшэнне. Святар, які сам спатыкаўся, не будзе асуджаць. Вось што такое надзея – не праз веліч, а праз міласэрнасць”, – заўважыў таксама біскуп.

Ён пажадаў юбілярам, каб “іх сэрцы – усё яшчэ маладыя духам – былі месцам, дзе людзі сустрэнуць жывога Бога”, і каб “іх святарства – недасканалае, але вернае – было святлом надзеі для тых, хто змучаны, хто згубіўся і хто шукае”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Станіслаў Бервячонак