31 мая – 1 чэрвеня ў парафіі ў Адэльску (дэканат Гродна-Захад) знаходзіўся з візітам арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. Гэтая парафія з’яўляецца роднай для іерарха.
31 мая арцыбіскуп адзначаў 44-ю гадавіну з часу прэзбітэрскага пасвячэння. У гэты дзень ён дзякаваў Богу за пакліканне да святарства і за сваё святарскае служэнне, шлях да якога распачаўся ў адэльскай парафіі.
З гэтай нагоды нам паведамляюць: “Сімвалічна, што сакрамэнт пасвячэння арцыбіскуп Кандрусевіч атрымаў у дзень, калі Касцёл успамінае адведзіны Марыяй святой Альжбеты. Як Марыя несла пад сваім сэрцам Езуса, так і святар павінен несці Яго людзям, каб яны адчулі дзеянне Божай ласкі, падобна як адчуў яго яшчэ ва ўлонні Альжбеты Ян Хрысціцель”.
1 чэрвеня ў парафіяльным касцёле арцыбіскуп цэлебраваў Эўхарыстыю, на якой удзялялася Першая Камунія. Перад Імшой, пасля таго як бацькі благаславілі дзяцей, якія прыступалі да Камуніі, іерарх урачыста ўвёў іх у касцёл. Паколькі 1 чэрвеня адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей, арцыбіскуп павіншаваў маленькіх парафіян з гэтым святам.
У гаміліі арцыбіскуп патлумачыў значэнне літургічных чытанняў, якія адносяцца да гераічнага сведчання веры дыякана Стэфана, заклікаюць да хрысціянскага сведчання і адзінства.
Іерарх адзначыў, што “ў кожнага чалавека ёсць свой асабісты ДНК, бо Бог стварыў нас рознымі”, і што “ў той жа час Езус у Евангеллі заклікае да адзінства”. “Ці хоча Ён, каб мы былі аднолькавымі, “кланаванымі” хрысціянамі? Ці чакае, што ўсе хрысціяне будуць ісці ў адным напрамку? Не. Адзінства, да якого заклікае Езус, – гэта адзінства веры, сэрца і любові. Нашае хрысціянскае ДНК сведчыць аб нашай прыналежнасці да аднаго Касцёла, што найлепей праяўляецца на Эўхарыстыі, калі, будучы рознымі, мы становімся адным”, – сказаў арцыбіскуп, дадаўшы, што ў гэтае эўхарыстычнае адзінства ўключаюцца і дзеці, якія прыступаюць да Першай Камуніі.
Па яго словах, дзень Першай Камуніі мае вельмі важнае значэнне як для дзяцей і іх бацькоў, так і для ўсяго Касцёла, бо павялічваецца колькасць парафіян, якія будуць свядома ўдзельнічаць у Эўхарыстыі праз прыняцце Камуніі.
Іерарх адзначыў, што дзеці рыхтаваліся да сустрэчы з Эўхарыстычным Езусам, хадзілі на катэхетычныя заняткі, здалі адмысловы экзамен, у дзень Першай Камуніі прыйшлі ў касцёл у святочным адзенні, але “больш важным за прыгожае адзенне з’яўляецца прыгажосць душы пасля першай споведзі”.
Арцыбіскуп нагадаў, што “ў Эўхарыстыі да нас прыходзіць Езус пад відам хлеба і віна” і што як хлеб патрэбны целу чалавека для жыцця, так душы патрэбна “ежа, якой з’яўляецца святая Камунія”.
Нагадваючы, што Езус казаў не забараняць дзецям прыходзіць да Яго, іерарх звярнуў увагу, што задача бацькоў – “не толькі давесці дзяцей да Першай Камуніі, але і прымаць яе разам з імі як мага часцей”.
“Езус любіць дзяцей і хоча, каб яны былі шчаслівымі ў жыцці. А шчасце будзе тады, калі яны будуць будаваць сваю будучыню на хрысціянскіх каштоўнасцях, – сказаў іерарх. – У наш час адыходу ад Бога гэта нялёгка, патрэбны духоўныя сілы, якія мы атрымліваем у Эўхарыстыі”. Арцыбіскуп пажадаў дзецям жыць так, каб Езус быў частым госцем у іх душах і каб тым самым яны ўтваралі жаданае адзінства паміж сабой і іншымі людзьмі, а бацькам пажадаў гатоўнасці дапамагаць дзецям на гэтым шляху.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі