28 мая ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне некалькі святароў адзначылі 20-годдзе з часу свайго прэзбітэрскага пасвячэння.
Гэта былі дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, пракуратар гродзенскай семінарыі кс. Валерый Аброшка і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах (Астравецкі дэканат) кс. Павел Ствол.
Юбіляры захацелі раздзяліць святкаванне з семінарыйнай супольнасцю.
З гэтай нагоды біскуп Андрэй Зноска ўзначаліў святую Імшу, на якой прысутнічалі студэнты і выкладчыкі семінарыі. У гаміліі ён падзяліўся ўспамінамі з семінарыйнага жыцця, а таксама паразважаў пра пастырскае служэнне, неабходнасць асабістага высілку і Божую ласку, адзначыўшы, што яна заўсёды спадарожнічае чалавеку.
Цытуючы думкі італьянскага святара а. Далінда Руатола, біскуп падкрэсліў, як важна поўнасцю аддаваць сябе ў святарстве, наколькі гэта залежыць ад самога душпастыра і яго даверу Богу.
Рэктар семінарыі кс. канонік Віталій Вайцяхоўскі і студэнты выказалі святарам віншаванні.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Станіслаў Бервячонак