24 мая ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім (Віцебская дыяцэзія) прынялі дыяканскае пасвячэнне двое выпускнікоў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, якія паходзяць з Віцебшчыны, – Антон Тышко і Андрэй Януль.
Як паведамляе catholicnews.by, разам з імі пасвячэнне прынялі семінарысты візантыйскага абраду – Арцём Калугін і Валерый Гаўрут.
“Гэта вялікая радасць і для глыбоцкай парафіі, бо Антон і Арцём з’яўляюцца яе землякамі, і для Віцебскай дыяцэзіі, дзе за доўгі час дыяканскае пасвячэнне адбываецца ўпершыню, і для Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы”, – гаворыцца на catholicnews.by.
Пасвячэнне ўдзяліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
У пачатку Імшы біскуп звярнуўся са словамі прывітання да Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, дарадчыка нунцыятуры ў Грузіі і Арменіі кс. прэлата Аляксандра Рагіні, рэктара гродзенскай семінарыі кс. каноніка Віталія Вайцяхоўскага, святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў, якія прысутнічалі ў касцёле. Пробашч глыбоцкай парафіі кс. канонік Мікалай Ціхановіч выказаў біскупу просьбу ўдзяліць пасвячэнне.
У гаміліі іерарх назваў радасным той факт, што ў час, калі Касцёл перажывае крызіс пакліканняў, здзяйсняецца пасвячэнне ажно чатырох чалавек. Ён дадаў, што дыяканы пачнуць выконваць шматлікія функцыі і стануць запатрабаванымі ў парафіях, дзе будуць служыць.
“Сёння ў нашых сэрцах вялікае пытанне: “Што трэба зрабіць, каб яны вытрывалі ў пакліканні?” Бог абірае сабе неідэальных і недасканалых слуг, а чалавечая натура вельмі слабая. Але праз служэнне Пану і выпрабаванні, якія праходзім разам з Ім, мы ўмацоўваемся ў веры і ўмацоўваем веру людзей, якім служым”, – сказаў біскуп і пажадаў новым дыяканам, каб Езус Хрыстус быў іх прыкладам і падтрымкай.
У канцы літургіі новапасвячаныя дыяканы выказалі ўдзячнасць прысутным святарам, сваім бацькам і вернікам.
Дыяканскае пасвячэнне яшчэ дваіх выпускнікоў гродзенскай семінарыі – Марціна Лудзіча і Яраслава Казлоўскага, якія паходзяць з Гродзенскай дыяцэзіі, – адбудзецца 31 мая ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне, удзеліць пасвячэнне біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Пачатак святой Імшы ў 12.00.