Skip to main content

Біскуп Гродзенскі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў Жалудку

zaludok 1325 мая біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жалудку (Шчучынскі дэканат).

Сакрамэнт быў удзелены на святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп. Да канфірмацыі прыступілі маладыя вернікі. На літургіі сабралася вялікая колькасць парафіян, сярод іх блізкія тых, хто прыступаў да сакрамэнту, і сведкі канфірмацыі.

Пробашч кс. канонік Ян Рэйшаль прывітаў усіх прысутных.

У гаміліі біскуп адзначыў, што ў канфірмацыі “праз малітву Касцёла і памазанне святым алеем Бог прыходзіць у сэрца чалавека ў моцы Духа Святога”. “Дух Святы – гэта не метафара, не абстракцыя. Гэта сам Бог, які хоча быць тваім настаўнікам, суцяшальнікам, моцай і святлом”, – дадаў іерарх, звяртаючыся да кожнага з канфірмаваных.

Па словах біскупа, Дух прыходзіць да чалавека, каб даручыць канкрэтную місію, даць пэўную задачу. У сувязі з гэтым пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў, каб кожны з вернікаў пастаянна задаваў сабе пытанне, што канкрэтна можа ён зрабіць для іншага чалавека.

Іерарх заклікаў маладых людзей заўсёды быць адкрытымі на дзеянне Духа, дадаўшы, што Ён нястомна вядзе чалавека, дае патрэбныя дары і сілы.
У канцы Эўхарыстыі канфірмаваныя падзякавалі біскупу, пробашчу парафіі, сястры Ганне, якая служыць у парафіі, і сваім родным, адзначыўшы, што тыя перадалі ім дар веры.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі