22 мая 2025 года мансеньёр Іньяцыа Чэфаліа, Апостальскі нунцый у Беларусі, атрымаў біскупскае пасвячэнне. Сакрамэнт яму ўдзяліў у Базіліцы Святога Пятра ў Ватыкане кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін.
Ва ўрачыстай літургіі, якая прайшла пры Алтары Катэдры на фоне манументальных бронзавых скульптур лацінскіх і усходніх Айцоў Касцёла, бралі ўдзел касцельныя іерархі і папскія дыпламаты на чале з арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам, Сакратаром па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.
Раздзяліць радасць пасвячэння сабраліся таксама браты ў святарстве і біскупстве, сваякі і сябры новапасвячанага арцыбіскупа. Сярод іх – кардынал Раландас Макрыцкас, разам з якім мансеньёр Чэфаліа праходзіў падрыхтоўку да дыпламатычнай службы.
У літургіі бралі ўдзел таксама арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і біскуп Аляксандр Яшэўскі, пастыры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі адміністратар для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі, а таксама некалькі беларускіх святароў. На Імшы прысутнічаў Пасол Беларусі пры Святым Пасадзе Юрый Амбразевіч, прызначаны на гэту пасаду 27 сакавіка 2025 года.
У гаміліі кардынал П’етра Паралін нагадаў, між іншым, што мансеньёр Чэфаліа служыў Святому Пасаду ў Эквадоры, Пастаяннай місіі пры Савеце Еўропы ў Страсбургу, Секцыі па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі Дзяржаўнага сакратарыята і, нарэшце, у якасці паверанага ў справах нунцыятуры ў Венесуэле.
На заканчэнне святой Імшы слова ўзяў арцыбіскуп Чэфаліа, які сказаў: “Цяпер Пан пасылае мяне ў Беларусь – азёрны край, дзе я пачынаю гэтую новую місію з глыбокім жаданнем служыць і будаваць масты. Я прыкладу свае найлепшыя намаганні, каб распаўсюджваць радасць Евангелля, працаваць дзеля дабра краіны і яе вернікаў”, - адзначыў іерарх.
Нунцый падкрэсліў, што, накіроўваючыся з трапічнай спякоты на шыроты “гэтай новай зямлі, з яе шырокімі краявідамі і ветлівымі людзьмі”, ён будзе “кіравацца ўпэўненасцю ў тым, што Касцёл адзіны, што любоў Бога не ведае межаў, а Яго ласка заўсёды нас апярэджвае”.
50-гадовы арцыбіскуп Іньяцыа Чэфаліа быў прызначаны нунцыем у Беларусі 25 сакавіка 2025 года. Ураджэнец італьянскага Палерма, ён знаходзіцца на дыпламатычнай службе Святога Пасаду з 2006 года.