18 мая біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў парафіі Маці Божай Ружанцовай у Радуні.
Сакрамэнт быў удзелены на святой Імшы, якую ўзначаліў іерарх. Эўхарыстыя цэлебравалася ў інтэнцыі ўсёй парафіі.
Пробашч кс. канонік Станіслаў Пацына прывітаў біскупа і адзначыў, што і маладзейшыя, і старэйшыя вернікі чакаюць у гэтым сакрамэнце ўмацавання дарамі Духа Святога. Вернікі былі належным чынам падрыхтаваны да канфірмацыі праз катэхізацыю, удзел у літургіі, разважанне над Божым словам і споведзь.
У гаміліі біскуп нагадаў, што ў гэты дзень афіцыйна пачынаецца пантыфікат новага Папы Льва XIV, заахвоціў маліцца за яго і пажадаў, каб Дух Святы надзяліў яго неабходнымі ласкамі, каб ён мог весці людзей шляхам веры.
Таксама іерарх нагадаў словы Езуса Хрыста ў Евангеллі: “Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго”, адзначыўшы, што гэтыя словы – “аснова хрысціянскай веры і жыцця”. Біскуп заўважыў, што Езус – “узор любові ў служэнні і ахвяры”, “Яго любоў не ведае межаў, не залежыць ад таго, як мы да Яго ставімся”. “Любоў, якой Ён нас вучыць, – адметная рыса сапраўднага вучня Хрыста. Гэта не толькі абавязак хадзіць у святыню, ведаць малітвы, але гэта любоў, якая праяўляецца ў дзеяннях, у паўсядзённым жыцці, у адносінах з людзьмі – гэта яна сведчыць аб тым, што мы сапраўды ідзём за Хрыстом”, – патлумачыў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.
Ён звярнуў увагу на тое, што ў канфірмацыі на чалавека сыходзіць той жа Дух Святы, які сышоў на апосталаў у дзень Пяцідзясятніцы. “Канфірмацыя – сіла, якая дае вам магчымасць быць сведкамі Хрыста ў свеце. Канфірмацыя дае вам дары Духа Святога, неабходныя для жыцця любові, пра якую гаворыць Езус. Без Яго дапамогі мы не здольныя сапраўды любіць так, як Ён нас любіць. Толькі Дух Святы можа змяніць нашыя сэрцы і зрабіць іх здольнымі да любові безумоўнай, якая дае, а не чакае ўзамен. Гэта Дух Святы дае сілу несці любоў туды, дзе яна здаецца немагчымай, прабачаць там, дзе цяжка забыць, дапамагаць там, дзе ніхто не чакае дапамогі”, – сказаў біскуп.
“Вы павінны быць сведкамі гэтай любові ў свеце, які часта абыякавы да духоўных спраў, дзе ўсё яшчэ пануюць эгаізм, нянавісць, агрэсія. Ваша любоў павінна мець у сабе нешта, што выклікае пытанні, узбуджае надзею. Гэта любоў, якая праз вас павінна дасягнуць іншых, любоў, якая з’яўляецца не толькі пачуццём, але і канкрэтнымі дзеяннямі”, – адзначыў іерарх.
Ён прапанаваў вернікам задумацца, як выглядае іх любоў да іншых, ці з’яўляецца яна “поўнай цярплівасці, пакоры, разумення”, “ці прабачае яна, ці не шукае сваіх інтарэсаў”.
Біскуп назваў складанай задачай быць вучнем Хрыста ў сучасным свеце, які “ўсё часцей адмаўляецца ад хрысціянскіх каштоўнасцяў”. “Гэта таксама вялікі выклік – жыць па-іншаму, не паддавацца ўплывам”, – дадаў ён. Іерарх заахвоціў маліцца аб тым, каб усе маглі любіць так, як вучыў Езус, – “ахвярна, безумоўна, не шукаючы сваіх інтарэсаў, а кіруючыся дабром іншых людзей”.
Канфірмаваныя выказалі ўдзячнасць біскупу, а таксама сваім душпастырам, у тым ліку вікарыю парафіі кс. Віталію Валюку, які праз катэхетычныя заняткі рыхтаваў іх да прыняцця сакрамэнту.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі