17 мая біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе.
Сакрамэнт быў удзелены на святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп. Да канфірмацыі прыступілі маладыя вернікі.
У гаміліі біскуп звярнуў увагу на важнасць гэтага сакрамэнту ў жыцці чалавека, падкрэсліўшы, што ў канфірмацыі вернік атрымлівае дары Святога Духа.
“Святы Дух, які будзе дзейнічаць у вашым жыцці, – гэта не такі дар, які можна атрымаць толькі аднойчы. Яго дзеянне павінна спадарожнічаць вам заўсёды. Плён гэтага будзе бачны ў вашым штодзённым жыцці”, – сказаў іерарх канфірмаваным.
Біскуп дадаў, што ў момант канфірмацыі чалавек прымае адказнасць за Касцёл. Таксама ён заўважыў, што вера не з’яўляецца такой рэччу, якую можна захоўваць толькі для сябе.
“Вы пакліканы стаць сведкамі Езуса сярод сваіх аднагодкаў, у сваіх сем’ях, у школе, на працы”, – сказаў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне маладым людзям.
У канцы літургіі пробашч а. Віталій Слука SP падзякаваў біскупу за супольную малітву, удзяленне сакрамэнту і пастырскае слова.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Маргарыта Снапко