Skip to main content

Канфірмацыя адбылася ў Вялікай Бераставіцы: “Праз канфірмацыю мы становімся больш адказнымі за веру, за Касцёл, за іншых людзей”

berestowica bezmowanie 1116 мая біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў парафіі Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы.

Сакрамэнт быў удзелены на святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп. Да канфірмацыі прыступілі маладыя парафіяне. У літургіі ўдзельнічала вялікая колькасць вернікаў.

Пробашч а. Вальдэмар Слота CSsR, вітаючы іерарха, адзначыў, што гэтая падзея важная не толькі для тых, хто прыступае да канфірмацыі, такім чынам “адкрываючыся на дары Святога Духа”, але і для ўсёй парафіяльнай супольнасці і мясцовых жыхароў.

Біскуп цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі тых, хто прыступаў да канфірмацыі, і ўсіх, хто належыць да гэтай парафіі.

berestowica bezmowanie 6

У гаміліі біскуп адзначыў: у Святым Пісанні бачна, што Езус Хрыстус запрашае сваіх вучняў “удзельнічаць у Яго шляху”, “не спыняцца на шляху веры і не сумнявацца, што гэты шлях вядзе да Айца, у дом, напоўнены любоўю і супакоем”. Па словах іерарха, заклік Езуса “знаходзіць поўнае ўвасабленне ў сакрамэнце канфірмацыі – сакрамэнце ўмацавання на шляху Хрыстовым”.

“Езус кажа, што Ён дарога, праўда і жыццё. Гэтыя тры словы з’яўляюцца ключамі да разумення не толькі Яго місіі, але і нашай дарогі як вучняў. Шлях, які паказвае Езус, не просты і не зручны. Гэта шлях, які патрабуе гераізму, вытрымкі ў веры нават у цяжкія моманты. Шлях, якім Ён прайшоў, быў шляхам ахвяры, пакут, самотнасці, але таксама ўваскрашэння і перамогі”, – сказаў біскуп.

Тое, што Езус “дарога”, азначае, па словах іерарха, “што мы не шукаем дарогу ў цемры, у нас ёсць ясна вызначаны шлях, Правадыр, які ўжо прайшоў гэты шлях і ведае кожны яго паварот”; што Езус “праўда” – азначае, што “ў свеце, напоўненым хлуснёй і фальшывымі абяцаннямі, Ён адзіны, хто не падводзіць, Яго словы – праўда, якая не знікне, якая не залежыць ад змяненняў модных напрамкаў і ідэалогій”; што Езус “жыццё” – значыць, што “гэта жыццё, якое Ён нам дае, не толькі біялагічнае, але і жыццё, напоўненае сэнсам, Божай прысутнасцю, жыццё, якое праз Яго ахвяру на крыжы і Яго ўваскрасенне стала даступным для нас усіх, якое не заканчваецца ў магіле, а вядзе да бясконцасці”.

Паколькі ў гэты дзень адзначаўся ўспамін св. Андрэя Баболі, святара і мучаніка, біскуп узгадаў постаць гэтага святога, сказаўшы, што яго жыццё – “сведчанне вернасці Хрысту не толькі ў часы спакою, але і ў часы найбольшых цяжкасцей”. Біскуп дадаў, што гэты езуіт-місіянер “не баяўся браць на сябе выклікі, ісці ў месцы, дзе была небяспека, каб прапаведаваць Евангелле”. “Яго мучаніцкая смерць нагадвае, што шлях Хрыста – гэта не шлях, які абмінае пакуты, – заўважыў іерарх. – Святы Андрэй у сваім жыцці і смерці стаў адлюстраваннем Хрыста – дарогай, праўдай і жыццём”.

berestowica bezmowanie 18

Біскуп нагадаў, што ў сакрамэнце канфірмацыі на чалавека сыходзіць Святы Дух, які затым “умацоўвае ў жыцці, адпаведным Евангеллю, дае сілу для вытрымкі ў веры, адважнага крочання дарогай Хрыста, абвяшчэння праўды, нават калі сутыкаемся з супрацівам”. “Канфірмацыя – гэта таксама знешняе пацвярджэнне ўнутранай перамены. Пры дапамозе гэтага сакрамэнту Бог дае нам новае заданне: быць пасланнікамі, быць жывым сведчаннем Яго любові ў свеце. Гэта момант, калі мы становімся больш адказнымі за нашу веру, за Касцёл, за іншых людзей. Гэта момант, калі Святы Дух нагадвае нам, што наша вера не павінна быць тым, што мы захоўваем толькі для сябе, а тым, чым мы дзелімся з іншымі, як святы Андрэй Баболя, які не баяўся даваць сведчанне нават коштам свайго жыцця”, – сказаў іерарх.

Па яго словах, “сённяшні свет не заўсёды разумее Евангелле, часам з яго смяюцца, часам ігнаруюць, таму вернасць Хрысту – гэта штодзённы выбар”. Біскуп дадаў, што сведчанне – гэта “стыль жыцця”, што яно “будзе праўдзівым толькі тады, калі будзе перажытым, штодзённым”, і што сведка – “не дасканалы чалавек, а той, хто любіць Хрыста, нават калі падае, і заўсёды вяртаецца да Яго, не маўчыць, калі трэба гаварыць, не пагаджаецца на кампраміс са злом, любіць Касцёл, нават калі бачыць у ім слабасці, бо бачыць таксама яго святасць і праўду”.

У канцы Імшы канфірмаваныя выказалі ўдзячнасць за ўдзяленне сакрамэнту і сказалі, што будуць старацца праз свае словы і ўчынкі спаўняць абавязак, які вынікае з канфірмацыі, – бараніць, захоўваць і перадаваць веру іншым.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі