11 мая, у Чацвёртую велікодную нядзелю, якая называецца нядзеляй Добрага Пастыра, у гродзенскай парафіі Святога Духа дзесяць хлопчыкаў былі ўрачыста прыняты ў міністранты.
Абрад прыняцця ў міністранты адбыўся на святой Імшы, якую ўзначаліў пробашч парафіі кс. канонік Павел Салабуда. Ён нагадаў новым членам літургічнай службы алтара аб важнасці іх ролі: “Міністрант пакліканы не толькі дапамагаць падчас набажэнства, але і перадаваць вернікам сваім прыкладам прыгажосць літургіі. Ваша служэнне – гэта ўдзел у справе Хрыста, Добрага Пастыра”.
З парафіі паведамляюць, што на гэтай літургіі, на якой новыя міністранты здзяйснялі служэнне ўпершыню, яны выконвалі свае абавязкі “з увагай і павагай, далучаючыся да малітвы супольнасці”. “Гэтая падзея – яшчэ адзін крок у духоўным жыцці нашай парафіяльнай супольнасці, дзе кожны, нават самы малады вернік, можа знайсці сваё месца ў служэнні Богу”, – так каментуюць у парафіі павелічэнне шэрагаў службы алтара.
Пасля Імшы парафіяне павіншавалі новых міністрантаў і іх сем’і, пажадаўшы ім заўсёднай радасці ад служэння Богу і Касцёлу.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі